Ліван: рэлігійныя лідары спадзяюцца на абранне прэзідэнта
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Патрыярх Мараніцкай Царквы, кардынал Бешара Раі выказаў пажаданне, каб усе бакі “пакінулі дух супраціву, варожасці і жадання навязваць свае ідэі іншым”. Яны павінны адчуваць нацыянальнае адзінства і братэрства, нават калі іх думкі разыходзяцца.
“Ліванцы ў краіне і за мяжой і сябры Лівана з нецярпеннем чакаюць дня выбараў”, - сказаў іерарх, які ўзначальвае найбуйнейшую хрысціянскую супольнасць у Ліване і мае важны голас у палітычным жыцці краіны.
Таксама грэка-праваслаўны Мітрапаліт Бейрута Эліяс Аўдзі спадзяецца на тое, што сесія парламента ў выніку прывядзе да абрання лідара, які “выратуе краіну”.
Пасада прэзідэнта Лівана, які павінен быць хрысціянінам-маранітам у адпаведнасці з Нацыянальным пактам 1943 года, была вакантнай пасля таго, як Мішэль Аун падаў у адстаўку ў кастрычніку 2022 года.
На выбарах 14 чэрвеня будуць змагацца рэгіянальны дырэктар МВФ Джыхад Азур, якога падтрымліваюць асноўныя хрысціянскія партыі, і фаварыт шыіцкіх груповак Хезбала і Амаль Сулейман Франдж’е з партыі Марада.
У перыяд з верасня 2022 года па студзень 2023 года адбыліся 11 выбарчых сесій. Ні адна з іх не прынесла вынікаў. Значная частка членаў парламента падавала пустыя або несапраўдныя бюлетэні або ўстрымлівалася ад галасавання.