Пошук

Арцыбіскуп Джозэф Аршад Арцыбіскуп Джозэф Аршад 

Пакістан: Касцёл заклікаў улады разам ратаваць эканоміку

Палітыкі, замест таго, каб займацца сваімі палітычнымі інтарэсамі, павінны працаваць “дзеля прагрэсу і росквіту краіны”, - заявіў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Пакістана, арцыбіскуп Джозэф Аршад.

Ян Глінскі

Словы іерарха прыводзіць азіяцкае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва UCANews. Каталіцкі Касцёл у Пакістане заклікаў прадстаўнікоў улады да супольных дзеянняў дзеля ратавання эканомікі ісламскай рэспублікі.

Як адзначыў рэктар калегіума святога Патрыка ў Карачы, ксёндз Марыё Радрыгес, наступствы інфляцыі ў першую чаргу кранаюць бедных: “Асабліва моцна адчувае гэта сярэдні клас і ніжэйшы сярэдні клас”. “Інфляцыя нас сапраўды забівае”, - сцвярджаюць прадстаўнікі Касцёла, занепакоеныя станам эканомікі краіны.

Паводле штогадовай справаздачы ўрада аб эканамічным развіцці краіны, апублікаванай 8 чэрвеня 2023 года, у маі інфляцыя ў Пакістане склала амаль 38 працэнтаў – самая высокая ў Азіі. У 2022-2023 гадах валавы ўнутраны прадукт вырас усяго прыкладна на 0,3 працэнта. Прычына такой рэкорднай інфляцыі – сур’ёзны заняпад сельскай гаспадаркі, прамысловасці і экспартнага сектара, выкліканы разбуральнымі паводкамі ў мінулым годзе.

Эксперты назвалі асноўныя фактары, якія ўплываюць на рост інфляцыі: рост сусветных коштаў на сыравіну, перабоі ў ланцугу паставак, наступствы расійска-ўкраінскай вайны, дэвальвацыя пакістанскай рупіі і палітычныя хваляванні ў краіне.

У нядаўна прадстаўленым нацыянальным бюджэце на 2023-24 гады, які эквівалентны прыкладна 47 мільярдам еўра, каля 40 працэнтаў даходаў прызначана для абслугоўвання доўгу. Гэта трэці паказчык у свеце пасля Шры-Ланкі і Ганы.

Тым часам Пакістану пагражае чарговая экалагічная катастрофа – магутны цыклон Біпарджой. У бліжэйшыя дні на прыбярэжны рэгіён паміж правінцыяй Сінд са сталіцай Карачы і індыйскім штатам Гуджарат абрынецца цыклон з хуткасцю ветру да 120 кіламетраў у гадзіну.
 

16 чэрвеня 2023, 11:39