Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Святы Айцец пра злоўжыванні ў Балівіі: боль, сорам і жах

Папа напісаў ліст прэзідэнту Балівіі, у якім адрэагаваў на паведамленні аб злоўжываннях адносна непаўналетніх і семінарыстаў. Ён выказаў свой боль, сорам і жах, запэўніўшы ў поўнай гатоўнасці Касцёла супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўладамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У канцы красавіка быў апублікаваны дзённік іспанскага езуіта Альфонса Педрахаса. У ім ён прызнаецца, што на працягу 40 гадоў падвяргаў сексуальнаму гвалту непаўналетніх вучняў і семінарыстаў. Агулам там згадваецца 85 ахвяр. Дзённік таксама дазваляе вызначыць манаскіх настаяцеляў, якія ведалі пра злачынную дзейнасць ксяндза Педрахаса, але ад працы з моладдзю яго не адхілялі.

Пасля таго, як справа стала рэзананснай, у пракуратуру паступілі яшчэ 12 скаргаў на злоўжыванні ў касцёльным асяроддзі. 3 з іх тычацца памерлых іспанскіх святароў. Прэзідэнт Балівіі Луіс Арсэ напісаў пра гэта ў вялікім лісце Францішку.

Адказваючы на яго, Папа запэўніў у сваім шкадаванні і сораме за выяўленыя факты. Нагадваючы аб абавязках Касцёла ў абароне непаўналетніх, Святы Айцец звярнуў увагу на нядбайнасць настаяцеляў і неабходнасць выправіць прычыненую шкоду.
 

20 чэрвеня 2023, 10:34