Святы Айцец прыняў кіраўніка ўрада Косава
Ян Глінскі
Падчас размовы прэм’ер-міністр узгадаў постаць Маці Тэрэзы, яе дзейнасць і спадчыну, а таксама аб міжрэлігійным суіснаванні на яго радзіме. Ён паінфармаваў пра сітуацыю ў краіне, а таксама пажадаў Пантыфіку хутчэйшага выздараўлення пасля аперацыі.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы не апублікавала звычайнага падсумавання пра візіт, паколькі ён лічыўся прыватным, як і візіты прэзідэнтаў Косава ў 2016, 2017 гадах і студзені гэтага года, прэм’ер-міністра ў 2018 годзе і міністра замежных спраў у 2019 годзе. Так адбываецца таму, што паміж Апостальскай Сталіцай і Косава няма афіцыйных дыпламатычных адносін. Дзяржаўнасць Косава, якое абвясціла незалежнасць шляхам аддзялення ад Сербіі ў 2008 годзе, пакуль не прызнана Святым Пасадам.
У 2019 годзе Косава наведваў з душпастырскім візітам кардынал П’етра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Іерарх сустракаўся з кіраўніцтвам мясцовага Касцёла, каталіцкай супольнасцю, якая налічвае каля 60 тысяч чалавек, і косаўскімі палітыкамі.
Падчас візіту ў Сербію ў 2018 годзе Дзяржсакратар заклікаў улады гэтай краіны выпрацаваць кампраміснае рашэнне адносна міжнародна-прававога статусу Косава праз дыялог з Прышцінай. Кардынал Паралін пацвердзіў цвёрдую пазіцыю Святога Пасаду адносна тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі і заклікаў да дыялогу і захавання міру і стабільнасці ў рэгіёне.