Caritas: старэнне з годнасцю – выклік для еўрапейскіх краін
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Еўрапейскія краіны не ў стане паспяваць за ростам попыту на доўгатэрміновае медыцынскае абслугоўванне", - адзначыла ў інтэрв’ю Vatican News прадстаўніца каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Шэнан Пфоман. На днях выйшаў даклад Caritas пад назвай Старэнне з годнасцю, праблемы для доўгатэрміновай аховы здароўя ў Еўропе.
У многіх краінах назіраецца дэфіцыт персаналу ў сферы аховы здароўя. Адна з прычын – міграцыя ў краіны, дзе заробкі вышэйшыя.
Такія работнікі часта выказваюць жаданне вярнуцца на радзіму, - патлумачыла Пфоман. Таму неабходна ўкараняць рашэнні, якія дазволяць людзям зарабляць больш у сваёй краіне. Справа не ў забароне на паездкі і працаўладкаванне , - выразна заяўляе Caritas Europa, - але ў неабходнасці больш дальнабачнай фінансавай палітыкі ў сферы аховы здароўя.
“Як можна, з аднаго боку, браць на працу чалавека, які даглядае нашых састарэлых бацькоў, а з другога, не плаціць яму належнага ўзнагароджання, - спытала прадстаўніца дабрачыннай арганізацыі. - Тым часам мы патрабуем ад такіх работнікаў якасці і годнага стаўлення да нашых бацькоў".
Сродкі, якія дазваляюць людзям не толькі годна зарабляць, але і, напрыклад, падтрымліваць сувязь са сваімі сем'ямі, таксама з'яўляюцца ключавым фактарам.
Станоўчы прыклад дае дзейнасць Caritas у Румыніі. Там супрацоўнікі ўдзельнічаюць у праграмах, дзякуючы якім едуць працаваць у найбагацейшыя краіны, а потым вяртаюцца ў сем'і і працягваюць дзяліцца ведамі і вопытам.
У справаздачы Caritas Europa гаворыцца, што на працягу наступных 30 гадоў у Еўропе варта чакаць шматмільённага росту колькасці людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе па прычыне старасці.