Кардынал Дзупі перадаў Байдэну ліст ад Пантыфіка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
17-19 ліпеня 2023 года кардынал Дзупі, пасланнік Святога Айца, наведаў Вашынгтон у суправаджэнні супрацоўніка Дзяржсакратарыята, каб працягнуць даручаную яму Францішкам місію і сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам.
Як гаворыцца ў паведамленні Святога Пасада, пасля прыбыцця ў апостальскую нунцыятуру ў Вашынгтоне вечарам 17 ліпеня іерарх правёў перамовы з арцыбіскупам Цімаці Броліа, старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, падчас якой адбыўся абмен думкамі аб вайне ва Украіне і ініцыятывах Святога Пасада на карысць ахвяр і міру.
Наступнай раніцай у будынку Рэйберн-Хаус ватыканская дэлегацыя разам з апостальскім нунцыем, арцыбіскупам Крыстафам П’ерам і ксяндзом Сэймусам Патрыкам Хорганам, дарадцам нунцыятуры, сустрэлася з чальцамі Камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскай камісіі) урада ЗША, якім прадставіла характар і ход даручанай ёй Папам місіі і сумесна разважала над метадамі павышэння яе эфектыўнасці.
Далей у паведамленні гаворыцца, што вечарам таго ж дня папскі эмісар і іншыя члены дэлегацыі накіраваліся ў Белы дом, дзе былі прыняты прэзідэнтам Байдэнам, якому кардынал Дзупі перадаў ліст Святога Айца, дзе падкрэсліваецца смутак Папы з прычыны пакут, выкліканых вайной. Сустрэча доўжылася больш за гадзіну і праходзіла ў атмасферы вялікай сардэчнасці і ўзаемнага слухання.
Прэзідэнт ЗША запэўніў дэлегацыю ў сваёй поўнай гатоўнасці падтрымліваць ініцыятывы ў гуманітарнай сферы, асабліва на карысць дзяцей і найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, як у адказ на гэту надзённую патрэбу, так і ў падтрымку шляхоў міру.
Раніцай 19 ліпеня ватыканская дэлегацыя прыняла ўдзел у сенацкім малітоўным сняданку ў будынку Кангрэса ЗША, падчас якога кардынал Дзупі меў магчымасць праінфармаваць удзельнікаў аб сустрэчах, якія ён правёў на розных этапах сваёй міратворчай місіі. Было выказана прызнанне намаганням Апостальскай Сталіцы і падкрэслена адказнасць кожнага за мір.