Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Міністр унутраных спраў Партугаліі гарантуе бяспеку падчас СДМ

Ужо амаль праз два тыдні ў партугальскім Лісабоне распачнуцца Сусветныя дні моладзі. Бяспеку на форуме, у якім прымуць удзел каля мільёна маладых людзей з усяго свету, будуць забяспечваць каля 20 тысяч супрацоўнікаў нацыянальнай паліцыі і жандармерыі.

Ян Глінскі

Паводле інфармацыі кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Партугаліі Жазэ Луіша Карнейру, палова прадстаўнікоў службы бяспекі з’яўляюцца добраахвотнікамі і былі мабілізаваныя ў сувязі з правядзеннем у агламерацыі партугальскай сталіцы Сусветных дзён моладзі. Некаторыя з іх прыедуць у Лісабон з іншых рэгіёнаў Партугаліі.

Міністр папярэдзіў, што падчас мерапрыемства, асабліва на галоўных магістралях сталіцы, будзе працаваць дарожны патруль. “Безумоўна, прысутнасць службаў, якія ахоўваюць Сусветныя дні моладзі, будзе бачная ў пачатку жніўня”, – цытуюць Карнейру партугальскія СМІ.

Прадстаўнік урада Партугаліі адзначыў, што СДМ будуць праходзяць у адказны для гэтай краіны перыяд, калі службы звычайна змагаюцца з ляснымі пажарамі. Пры гэтым ён сцвердзіў, што дзяржаўныя структуры будуць гатовыя рэагаваць як на патэнцыйную пагрозу для бяспекі ўдзельнікаў моладзевага форуму, так і на магчымую барацьбу з агнём.

14 ліпеня 2023, 10:03