Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа заклікаў да аднаўлення экспарту ўкраінскага збожжа

Папа звярнуўся да ўлад Расіі з заклікам аднавіць пагадненне аб экспарце ўкраінскага збожжа праз парты Чорнага мора, вырашыць крызіс, ад якога пакутуе Ліван, і падтрымаць яго візіт у Партугалію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

30 ліпеня 2023 года, завяршаючы сваю сустрэчу з вернікамі на плошчы святога Пятра, Францішак заклікаў працягваць маліцца за “змучаную Украіну, дзе вайна нішчыць усё, нават збожжа”.

“Гэта цяжкае злачынства супраць Бога, таму што зерне – гэта Яго дар, каб накарміць чалавецтва, а плач мільёнаў братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад голаду, узносіцца да нябёсаў. Я звяртаюся да маіх братоў, да ўлад Расійскай Федэрацыі, каб Чарнаморская ініцыятыва аднавілася, і збожжа можна было бяспечна перавозіць”, - сказаў Пантыфік.

4 жніўня 2023 года споўніцца тры гады з моманту разбуральнага выбуху ў порце Бейрута. Францішак заклікаў да “малітвы за ахвяр і іх сем’і, якія змагаюцца за праўду і справядлівасць”. “Няхай комплексны крызіс у Ліване знойдзе рашэнне, годнае гісторыі і каштоўнасцей гэтай нацыі. Не будзем забываць, што Ліван – гэта яшчэ і пасланне”, - адзначыў ён.

Францішак папрасіў падтрымаць яго малітвамі падчас апостальскага падарожжа ў Партугалію на Сусветныя дні моладзі. Ён адправіцца туды ў бліжэйшую сераду, 2 жніўня 2023 года.

“Многія маладыя людзі з усіх кантынентаў адчуюць радасць сустрэчы з Богам і сваімі братамі і сёстрамі, якіх вядзе Панна Марыя, што пасля Звеставання “ўстала і паспешліва пайшла” (Лк 1, 39). Ёй, ззяючай Зорцы хрысціянскага шляху, якую вельмі шануюць у Партугаліі, я даручаю пілігрымаў Сусветных дзён і ўсю моладзь свету”, - звярнуўся Папа.
 

30 ліпеня 2023, 13:08