Пошук

В'етнамская дэлегацыя падчас размовы ў Дзяржсакратарыяце В'етнамская дэлегацыя падчас размовы ў Дзяржсакратарыяце  (Vatican Media)

Паралін: ватыканска-в'етнамская дамова – і мэта, і новы пачатак

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін пракаментаваў для ватыканскіх СМІ дасягнутае 27 ліпеня 2023 года паміж Святым Пасадам і В’етнамам пагадненне аб статусе папскага прадстаўніка.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што ў аснове шматгадовых перамоў, якія папярэднічалі дамове, “заўсёды была ўзаемная павага і жаданне рухацца наперад, не хаваючы сваіх пазіцый, шчыра абмяркоўваючы іх і іх матывы”.

У працэсе заўсёды ўдзельнічала Канферэнцыя Біскупаў В’етнама, прапаноўваючы сваё меркаванне і даючы ацэнку. Праца ішла спакойна, аддавалася перавага паступоваму ўзгадненню прынцыпу рэлігійнай свабоды з мясцовымі законамі і звычаямі. Менавіта гэта лягло ў аснову тэксту пагаднення, якое “мае на мэце гарантаваць папскаму пастаяннаму прадстаўніку ўмовы для выканання яго місійнага служэння мясцоваму Касцёлу і працы з уладамі В’етнама, а таксама падтрымання адносін з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі, якія знаходзяцца ў краіне”.

Кардынал Паралін звярнуў увагу на ноў-хаў у ватыканскай дыпламатыі якім стала функцыя папскі пастаянны прадстаўнік. Ён прызнаўся, што гэта агульная вынаходка бакоў, і акрэсліў яе лацінскім res nova in iure.

Іерарх патлумачыў, што “фактычна, папскі пастаянны прадстаўнік пакліканы спрыяць зносінам паміж Святым Пасадам і мясцовым Касцёлам, а таксама дапамагаць і падтрымліваць апошні ва ўсіх яго складніках, удзельнічаючы ў яго ўрачыстасцях і ініцыятывах”.

Што тычыцца грамадзянскага аспекту, прадстаўнік Пантыфіка, як і нунцыі, “мае задачу ўмацоўваць сяброўскія адносіны паміж Святым Пасадам і ўрадам В’етнама”. Ён зможа ўдзельнічаць у звычайных сустрэчах і прыёмах дыпламатычнага корпуса, мець асабістыя сустрэчы з дыпламатамі, “заўсёды ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны і ў духу ўзаемнага даверу і добрых двухбаковых адносін, якія існуюць на сённяшні дзень”.

Кардынал Паралін станоўча бачыць перспектыву адносін паміж В'етнамам і Святым Пасадам. “Лічу, што будучыня кліча нас на шлях, які мы павінны прайсці разам, без прэтэнзій і спешкі, каб дасягнуць нейкай іншай мэты, з гатоўнасцю тых, хто хоча мець зносіны адно з адным, каб знайсці лепшае. Пагадненне азначае не толькі мэту, але і новы пачатак у імя ўзаемнай павагі і ўзаемнага даверу”, - падзяліўся Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.
 

28 ліпеня 2023, 14:18