Пошук

Пратэсты ў кенійскім горадзе Кісуму Пратэсты ў кенійскім горадзе Кісуму 

Пратэсты ў Кеніі: біскупы заклікаюць да дыялогу

Прыслухацца да паведамленняў аб цяжкім становішчы кенійцаў, выразна і сумленна патлумачыць невыкананне абяцанняў і зрабіць палітычным прыярытэтам палягчэнне сацыяльна-эканамічнага становішча народа, - з такім заклікам звярнуліся біскупы Кеніі да ўрада краіны.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сталіцы Кеніі, Найробі, і ў буйных гарадах краіны, Мамбасе і Кісуму, працягваюцца буйныя пратэсты з-за незадаволенасці шэрагам падаткаў, уведзеных урадам, узначаленым прэзідэнтам Уільямам Рута. Дэманстрацыі пачаліся 19 ліпеня 2023 года пасля таго, як Раіла Адзінга, лідар апазіцыйнай партыі Azimio la Umoja (Дэкларацыя адзінства), заклікаў народ да трохдзённых пратэстаў. Быў спынены грамадскі транспарт, зачыненыя школы і прадпрыемствы, паліцыя прыведзена ў гатоўнасць для барацьбы з беспарадкамі.

Згодна з паведамленнямі мясцовых СМІ, апазіцыя заклікала кенійцаў выйсці на вуліцу з рондалямі і апалонікамі і запатрабаваць, каб урад перагледзеў закон аб бюджэце і “накарміў краіну“. На мінулым тыдні 13 чалавек загінулі ў сутыкненнях з паліцыяй, больш за 20 атрымалі цяжкія раненні. Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што ў выніку дзейнасці адной з сект, ад голаду, па дадзеных мясцовых СМІ, памерлі больш за 400 чалавек. Масавыя пахаванні паслядоўнікаў секты былі знойдзены паліцыяй у лесе Шакахола на ўсходзе краіны.

Рэакцыя кенійскіх біскупаў была неадкладнай: яны выступілі з заклікам спыніць кровапраліцце і аднавіць двухбаковыя перамовы з удзелам рэлігійных лідараў і іншых прадстаўнікоў. "Мы лічым, што не існуе праблемы, якой бы складанай яна ні была, якую нельга было б вырашыць шляхам дыялогу. Мы павінны любой цаной пазбегнуць гібелі людзей. Кроў не павінна больш пралівацца", - гаворыцца ў звароце біскупаў Кеніі да прэзідэнта і лідара апазіцыі.

22 ліпеня 2023, 07:47