Пошук

Кардынал Дзупі падчас візіту ў Маскву Кардынал Дзупі падчас візіту ў Маскву 

Расія: палітычныя і рэлігійныя ўлады пра візіт кардынала Дзупі

Паміж папскім пасланнікам кардыналам Матэа Дзупі і прадстаўнікамі Крамля адбыўся “абмен меркаваннямі, карыснымі для абодвух бакоў, але ніякіх канкрэтных ідэй вылучана не было”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пра гэта заявіў дарадца прэзідэнта Расіі па знешняй палітыцы Юрый Ушакоў, якога цытуе агенцтва Інтэрфакс.

Ушакоў паведаміў, што 30 чэрвеня 2023 года ў другі раз сустрэўся з пасланнікамі Францішка, каб падвесці вынікі яго візіту ў Маскву. Расія выказала высокую ацэнку ўзважанай і бесстаронняй пазіцыі Святога Пасада, прадстаўленай кардыналам Дзупі па сітуацыі ва Украіне і гатова абмяркоўваць далейшыя прапановы, калі такія ўзнікнуць.

Святы Пасад, дадаў Ушакоў, праявіў гатоўнасць дэпалітызаваць вырашэнне гуманітарных праблем, звязаных з канфліктам ва Украіне. “Мы падтрымліваем гэты намер Папы”, - сказаў на заканчэнне дарадца Пуціна.

“Місія кардынала Дзупі была паспяховай. Яна прайшла без трыумфалізму, але пазітыўна. Важнымі крокамі былі перш за ўсё адкрытасць, прадэманстраваная як на палітычным, так і на рэлігійным узроўнях, і жаданне працягваць гэты працэс. Я б сказаў, што гэта самы пазітыўны канкрэтны плён”, - сказаў італьянскаму агенцтву SIR арцыбіскуп Паола Пецы, пастыр дыяцэзіі ў Маскве і старшыня каталіцкага епіскапату Расійскай Федэрацыі.

Іерарх распавёў, у прыватнасці, аб сустрэчах, якія папскі пасланнік меў падчас двухдзённай місіі ў Маскве з упаўнаважанай па правах дзіцяці Марыяй Львовай-Бяловай і з Патрыярхам Кірылам.

“На сустрэчы з грамадзянскімі і рэлігійнымі ўладамі галоўнай тэмай была гуманітарная сітуацыя бежанцаў, перамешчаных асоб і зняволеных. Напрыканцы гэтага другога этапу мірнай місіі кардынал Дзупі забярэ з сабой, з пункту гледжання канкрэтных рэчаў, па-першае, вялікую гасціннасць, па-другое, жаданне працягваць размовы, і гэта не было прадвызначана. Нарэшце, я лічу, што заўсёды варта будаваць масты, таму што дзякуючы гэтаму вы заўсёды выйграяце, у той час як сцены вядуць да пройгрышу”, - падзяліўся арцыбіскуп.
 

01 ліпеня 2023, 10:41