Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Сірыйскія біскупы пра наступствы санкцый супраць іх краіны.

Сірыйскія біскупы сустрэліся з прадстаўніком італьянскага ўрада, каб распавесці яму пра негатыўны ўплыў санкцый супраць іх краіны. Яны паглыбляюць галечу, пазбаўляюць хворых лекаў і абмяжоўваюць гуманітарную дапамогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Хомса Жак Мурад, які некалькі гадоў таму быў вязнем тэрарыстаў, апісаў намесніку дзяржсакратара Альфрэда Мантавана драматычную сітуацыю, у якой апынуліся простыя сірыйцы. Іерарх указаў на наступствы ўведзеных супраць краіны санкцый і адзначыў, што яны б'юць не па ўладзе, а па насельніцтву, асабліва па хрысціянам.

Паводле ацэнак, у Сірыі застаюцца ад 300 000 да 500 000 вернікаў. Асабліва з'язджае хрысціянская моладзь. Іх прымушае гэта рабіць адсутнасць працы, нізкія заробкі або жыццё ў галечы.

На сустрэчы з прадстаўніком італьянскага ўрада – побач з арцыбіскупам Мурадам – прысутнічалі арцыбіскуп Алепа Дэні Антуан Шада і біскуп Рамі Аль-Кабалан.

Прадстаўнікі Касцёла ў Сірыі заўважылі, што жыхары не могуць дазволіць сабе ежу, электрычнасць і лекі. У цяжкім становішчы апынулася адукацыя. Многія школы былі нацыяналізаваны або зачынены, што перашкаджае наладжванню дыялогу паміж вызнаўцамі розных рэлігій. Калі дзеці не сядзяць разам на школьнай лаве, іх лягчэй радыкалізаваць у будучыні, - перакананыя біскупы.

Іерархі звярнулі ўвагу на тое, што санкцыі перашкаджаюць або моцна абмяжоўваюць адпраўку дапамогі ў Сірыю. Яны спадзяюцца на тое, што банкаўская сістэма не будзе блакіраваць пераводы на рэалізацыю гуманітарных праектаў.
 

26 ліпеня 2023, 12:30