Пошук

Юпітэр Юпітэр 

У Грыгарыянскім універсітэце алічбавалі два ліста Галілея

Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у супрацоўніцтве з італьянскай кампаніяй Whtexch Spa алічбаваў два ліста Галілеа Галілея, якія захоўваюцца ў яго гістарычным архіве.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выкарыстанне новых тэхналогій дазволіла старажытнай навучальнай установе, заснаванай у 1551 годзе святым Ігнаціям Лаёлам, алічбаваць каштоўную культурную спадчыну, каб мець магчымасць перадаць яе будучым пакаленням, – аб гэтым распавёў 29 ліпеня 2023 года на сваіх старонках L'Osservatore Romano.

У першым лісце, адрасаваным Хрыстафору Клавію і датаваным 30 снежня 1610 года, апісваюцца назіранні Галілея за спадарожнікамі Юпітэра. Галілей распавядае Клавію пра адкрыццё “чатырох вандроўных зорак”, якія ён назваў "планетамі Медычы” у гонар фларэнтыйскіх арыстакратаў. Акрамя таго, ён апісвае фазы Венеры, якія пацвярджаюць геліяцэнтрычную тэорыю.

Хрыстафор Клавій – нямецкі матэматык і астраном, вядомы як адзін з складальнікаў грыгарыянскага календара (1582 год). Нарадзіўся ў Бамбергу ў 1538 годзе, вучыўся ў партугальскай Каімбры і выкладаў матэматыку ў рымскім езуіцкім Collegium Romanum. Менавіта ён прымаў Галілея ў Рыме вясной 1611 года, калі навуковец прыехаў туды, каб даказаць свае астранамічныя адкрыцці, зробленыя з дапамогай тэлескопа ў 1610 годзе. Разам са сваімі вучнямі Клавій пацвердзіў праўдзівасць назіранняў Галілея і паведаміў пра іх кардыналу Беларміна.

Ліст Галілея да Клавія з'яўляецца моцным доказам прыхільнасці езуітаў пошуку ведаў. Калі ў нашы дні сталі магчымымі місіі ў космас, гэтым мы абавязаны ў тым ліку і такім піянерамі ў вывучэнні і назіранні за нябеснымі целамі, як Галілеа Галілей, Хрыстафор Клавій і Анджэла Сэкі, - гаворыцца ў L'Osservatore Romano.

У другім лісце Галілей апісвае свае назіранні за Месяцам, праведзеныя 7 студзеня 1610 года. Дзякуючы выкарыстанню тэлескопа ён упершыню змог убачыць няроўнасці на месяцавай паверхні, якая да гэтага часу лічылася цалкам роўнай і аднастайнай. Свае назіранні Галілей адлюстраваў у малюнках.

Унікальную працу па алічбоўцы лістоў Галілея выканала кампанія Whtexch Spa з дапамогай інавацыйнай тэхналогіі, якая дазваляе рабіць фотаздымкі з высокім распазнаваннем.

01 жніўня 2023, 13:07