Пошук

Археолагі адкапалі падмуркі касцёла, у якім маліўся святы Аўгустын

У старажытным горадзе Остыя, недалёка ад Рыма, міжнародная група археолагаў адкапала рэшткі ўнікальнай святыні – катэдральнага касцёла, у якім маліўся святы Аўгустын і яго маці святая Моніка.

Ян Глінскі

Фундатарам храма быў імператар Канстанцін. Ён быў пабудаваны паміж 325-335 годам і насіў тытул святых Пятра, Паўла і Яна. Некалі святыня мела прасторны атрыум і баптыстэрый, складалася з трох наваў і мела даўжыню 80 метраў. “Дзякуючы гэтаму адкрыццю мы даведаліся, як павінна была выглядаць стандартная хрысціянская базіліка”, - адзначыў кіраўнік раскопак Норберт Цымерман.

Касцёл знаходзіўся на ўскраіне Остыі Антыкі – старажытнага партовага горада, на месцы якога цяпер размяшчаецца велізарны археалагічны комплекс, раскапаны падчас Другой сусветнай вайны і адкрыты для наведвальнікаў. Рэшткі святыні былі пакрытыя сельскагаспадарчымі палямі. Іх выявілі ў канцы мінулага стагоддзя дзякуючы аэрафотаздымкам. Аднак даследаванні пачаліся толькі цяпер. За пяць тыдняў раскопак была адкрыта апсідальная частка храма.

Звесткі пра заснаванне імператарам Канстанцінам базілікі святога Пятра, Латэранскай і шэрагу біскупскіх базілік, у тым ліку ў Остыі, паходзяць са зборніка дзеяў рымскіх Пантыфікаў Liber Pontificalis. З гэтай пісьмовай крыніцы, як сцвердзіў Цымерман, было вядома, што ў Остыі “святыня ўзвышалася каля Лаўрэнційскай брамы”.

“Раскопкі ў гэтым рэгіёне дагэтуль не праводзіліся. І менавіта тут выявіліся рэшткі базілікі. Сёлета мы засяродзіліся на яе апсідальнай частцы, – расказаў археолаг. – Мы не ведаем, чаму Канстанцін заснаваў базіліку таксама ў Остыі. Аднак з традыцыі вынікае, што гэта важнае месца для гісторыі Касцёла, бо менавіта праз Остыю святы Пётр прыбыў у Італію, а біскуп Остыі заўсёды меў важную ролю ў Касцёле, ён быў дэканам Калегіі кардыналаў”.

“Спецыфіка гэтай святыні ў тым, што яна з’яўляецца першай стандартнай базілікай, – падкрэсліў кіраўнік раскопак, дадаючы, што іншыя раннія хрысціянскія базілікі будаваліся з пэўнай мэтай, напрыклад, для ўшанавання магіл мучанікаў, як у выпадку з магілай святога Пятра. “Стандартную базіліку мы выявілі менавіта тут. Трохнававая і простая апсіда. Гэта цудоўна, таму што мы бачым, што храмы ад пачатку мелі такую форму”.

Раскопкі доўжыліся пяць тыдняў пад спякотным жнівеньскім сонцам і мелі выключна навуковы характар. Новаадкрытыя рэшткі старажытнай святыні пакуль не плануецца экспанаваць для шырокай публікі: яны былі прадстаўлены выключна з нагоды Дзён еўрапейскай спадчыны і неўзабаве будуць зноў засыпаныя зямлёй для лепшага захавання. Археалагічныя працы ў астатніх частках храма запланаваныя на бліжэйшыя гады.
 

29 верасня 2023, 09:04