Філіпіны: архідыяцэзія спыняе інвестыцыі ў выкапнёвае паліва
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведаміў 5 верасня 2023 года партал епіскапату Філіпін, такое рашэнне было прынята ў адказ на энцыкліку Францішка Laudato si’ ад 2015 года.
У 2019 годзе епіскапат вырашыў паступова адмовіцца ад выкарыстання Касцёлам на Філіпінах брудных крыніц энергіі, такіх як вугальныя электрастанцыі. У той час як некалькі дыяцэзій яшчэ інвестуюць у вугаль, біскупы падкрэслілі неабходнасць сумесных дзеянняў па выхадзе з кліматычнага крызісу.
Дзякуючы свайму геаграфічнаму размяшчэнню ў заходняй частцы Ціхага акіяна, Філіпінскі архіпелаг адносіцца да тэрыторый, найбольш пацярпелых ад змены клімату. Ва ўмовах жорсткіх ураганаў са шматлікімі ахвярамі і масавымі разбурэннямі большасць насельніцтва патрабуе больш эфектыўных дзеянняў супраць наступстваў змены клімату. Па дадзеных інстытута даследавання грамадскай думкі Oculum Research and Analytics, 54 працэнты рэспандэнтаў выступаюць за ўзмацненне кліматычных мер і экалагічных праграм.
У канцы жніўня Францішак анансаваў новы дакумент на тэму сусветнага экалагічнага крызісу. Ён будзе апублікаваны 4 кастрычніка як “другая частка Laudato si’”.