Гуджэроці пра Карабах: мы станем сведкамі соцень такіх сітуацый
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерарх заўважыў, што армяна-азербайджанскі крызіс цягнецца даўно. У сітуацыю ў мінулым “інтэнсіўна ўключаліся розныя заходнія ўлады, але яны, па сутнасці, нічога не змаглі з гэтым зрабіць”. “Перш за ўсё, мы павінны разумець, што гісторыя болю там бярэ свой пачатак з спрадвечных часоў, і калі развязваецца гульня чужых заходняму блоку і яго інтарэсам сіл, за гэта заплаціць сам заходні блок”, - адзначыў ён.
Зараз усе актыўна кажуць пра вайну паміж Расіяй і Украінай, але пануе “ледзяная цішыня” вакол іншых войнаў, - з жалем падкрэсліў Гуджэроці. На яго думку, “зараз свет настолькі дэстабілізаваны, што мы будзем сведкамі сотняў такіх сітуацый” як у Нагорным Карабаху.
“Чаго мы не бачым, у адрозненне ад свету, які існаваў некалькі дзесяцігоддзяў таму, дык гэта наяўнасці міжнародных сіл, здольных, не скажу, што кіраваць, але хаця б неяк умешвацца. Бо Арганізацыя Аб'яднаных Нацый добраахвотна выключае саму сябе і, з пункту гледжання ўнутранай сілы, не блішчыць здольнасцю прымаць рашэнні, асабліва з прычыны права вета”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
Кардынал Гуджэроці займаў пасаду нунцыя ў Грузіі, адказваючы адначасова за Арменію і Азербайджан, затым у Беларусі, Украіне і Вялікабрытаніі. У 2008 годзе ён бачыў, як расійскія войскі ўварваліся ў Грузію. Калі прыбыў для выканання сваіх абавязкаў ва Украіну, Крым і Данбас ужо былі ў руках Расіі. Усходнія Каталіцкія Цэрквы, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі яго структуры, працуюць у ахопленых крызісам Сірыі, Іраку і Ліване.
Нядаўна яшчэ адным выклікам стаў поўны захоп азербайджанцамі Нагорнага Карабаха і зыход адтуль армянскага насельніцтва. Кардынал Гуджэроці ў заяве для Vatican News адзначыў, што Святы Пасад прымае актыўны ўдзел у пераадоленні крызісу ў гэтым рэгіёне.