Пошук

Хаўер Мілей Хаўер Мілей  (AFP or licensors)

Аргенціна: радыкальны палітык адмаўляецца ад крытыкі Папы

Крыху больш за тыдзень да другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Аргенціне кандыдат у прэзідэнты Хаўер Мілей змяніў сваю крытычную пазіцыю ў адносінах да Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Калі б ён прыехаў у Аргенціну, мы б прынялі яго з усімі ўшанаваннямі як кіраўніка дзяржавы, але таксама з усімі ўшанаваннямі як кіраўніка Каталіцкага Касцёла”, - сказаў Мілей у інтэрв'ю перуанскаму журналісту Хайме Бэйлі. Трэба адзначыць, што афіцыйнага пацвярджэння папскага візіту пакуль няма.

Кандыдат ад апазіцыі апошнім часам неаднаразова крытыкаваў Папу, які паходзіць з Аргенціны, за тое, што ён не асудзіў выразна жорсткія левыя дыктатуры ў Лацінскай Амерыцы і за тое, што ён прыхільнік сацыялізму. Адзін з дарадцаў Мілея нават прапанаваў разарваць дыпламатычныя адносіны са Святым Пасадам. Аднак пазней сам патэнцыяльны прэзідэнт удакладніў, што гэта не афіцыйная пазіцыя яго партыі.

Кардынал Луіс Паскуаль Дры сказаў нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA у Буэнас-Айрэсе, што папскі візіт быў бы вельмі жаданым у найбліжэйшай будучыні. “Думаю, што яго прыезд прынёс бы шмат карысці Аргенціне. У нас шмат рознагалоссяў у палітыцы, а таксама ў Касцёле. Не ўсё так вясёлкава. Папа мог бы прынесці пасланне і слова надзеі і прымірэння”, - сказаў ён.

Іерарх заклікаў аргенцінскіх палітыкаў устрымлівацца ад абразаў і пайсці на збліжэнне. "Трэба сесці і паслухаць адно аднаго. Але ў мяне такое ўражанне, што яны заўсёды хочуць мець апошняе слова, уладу, багацце. А гэта нядобра. Абразы паміж палітыкамі ні да чаго не прыводзяць, абсалютна ні да чаго", - падкрэсліў ён.

На гэтым тыдні епіскапат Аргенціны ў чарговы раз афіцыйна запрасіла Папу наведаць Радзіму. У лісце біскупы выказалі “пачуцці людзей, якія жадаюць сустрэцца са сваім пастырам”. Францішак яшчэ ні разу не наведваў краіну з моманту свайго абрання ў 2013 годзе

19 лістапада 2023 года ў Аргенціне адбудзецца другі тур выбараў, на якім абяруць пераемніка Альберта Фернандэса, які не балатаваўся з прычыны дрэнных вынікаў апытанняў і адсутнасці падтрымкі з боку ўласнага палітычнага лагера. Радыкальны рынкава-ліберальны эканаміст Мілей будзе супрацьстаяць прадстаўніку ўрадавага лагера Серхіа Масе, цяперашняму міністру эканомікі і фінансаў ва ўрадзе Фернандэса.
 

10 лістапада 2023, 11:04