Пошук

Перамешчаныя палесцінцы ў намётавым лагеры ў Хан-Юнісе на поўдні сектара Газа Перамешчаныя палесцінцы ў намётавым лагеры ў Хан-Юнісе на поўдні сектара Газа 

Былы вікарый Іерусалімскага Патрыярхату: заўтра можа быць іншым

Ізраільцяне і палесцінцы не ў стане вырашыць канфлікт самастойна, - лічыць езуіт Давід Нойхаўз, канвертыт з юдаізму і былы вікарый Іерусалімскага Патрыярхату для іўрытамоўных хрысціян.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На яго думку, сёння вельмі важны голас Касцёла, які нагадвае аб тым, што толькі шляхам прапановы палесцінцам яснай і бяспечнай нацыянальнай перспектывы можна распачаць сур’ёзны мірны працэс.

Святар падкрэсліў, што ў цяперашняй эскалацыі канфлікту няма ніякай логікі. З абодвух бакоў ён падсілкоўваецца ілжывым абяцаннем перамогі і таксічнай сумессю палітыкі, заснаванай на экстрэмісцкім нацыяналізме, які разумеецца як праява рэлігійнага запалу, як у Ізраілі, так і ў Палесціне.

У ізраільскага боку шанцы на разрадку канфлікту мізэрныя

З ізраільскага боку гэта таксама эмацыйная рэакцыя на шок 7 кастрычніка 2023 года: 1400 забітых і 250 выкрадзеных мужчын, жанчын і дзяцей. Таксама ізраільцяне балюча перажылі развянчанне некалькіх асноўных міфаў: пра непераможнасць іх арміі і пра тое, што яўрэі знайшлі бяспечную радзіму ў Святой Зямлі. Усё гэта распальвае гнеў, расчараванне і жаданне помсты, - заўважыў ксёндз Нойхаўз у інтэрв'ю агенцтву Святога Пасада Fides.

Ён прызнаў, што ў ізраільскага боку шанцы на разрадку канфлікту мізэрныя. Больш за 80 працэнтаў яўрэяў вінавацяць Нетаньяху ў відавочных памылках, якія зрабілі магчымым тэракт 7 кастрычніка. Разумеючы, што яго кар'ера скончана, прэм'ер-міністр не зацікаўлены ў спыненні вайны. Вайна таксама служыць прыкрыццём для дзейнасці на Заходнім беразе ракі Іардан, накіраванай на ўзмацненне яўрэйскай прысутнасці і выцясненне палесцінцаў з іх зямлі. Гэта адпавядае інтарэсам ультраправых палітыкаў, якія ўваходзяць у цяперашні ўрад. Яны імкнуцца да поўнага знішчэння прысутнасці палесцінцаў, адмаўляючыся прызнаць іх як народ. Ізраільскі ўрад ужо распрацоўвае праект па перасяленні сотняў тысяч жыхароў Газы на Сінайскі паўвостраў.

“Даць палесцінцам ясныя перспектывы на будучыню”

У такой сітуацыі, на думку ізраільскага езуіта, вельмі важным з’яўляецца ўмяшанне міжнароднай супольнасці і голас хрысціян. Не будучы абумоўленым палітычнымі фактарамі, Касцёл можа адкрыць новыя гарызонты, паказаць, што заўтра можа быць іншым, чым сёння, і ўчарашнія памылкі не павінны вызначаць заўтрашні дзень.

Нойхаўз лічыць, што канфлікт у Святой Зямлі павінен быць вырашаны ў яго аснове, на нізавым узроўні, даючы палесцінцам ясныя перспектывы на будучыню. Ён дадаў, што калі рашэнне аб дзвюх дзяржавах апынецца немагчымым, мэтай павінна стаць стварэнне ўнітарнай, свецкай і дэмакратычнай краіны, у якой ізраільцяне і палесцінцы карысталіся б поўным грамадзянскім раўнапраўем.
 

20 лістапада 2023, 11:31