Пошук

2023.11.23 Messa Parolin Holodomor Ucraina libretto

Дзяржсакратар Паралін пра генацыд голадам ва Украіне

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы нагадаў пра страшныя пакуты ўкраінскага народа падчас Галадамору 1930-х гадоў і вайны, якую ў цяперашні час вядзе на тэрыторыі Украіны расійская армія.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

23 лістапада 2023 года ў рымскай базіліцы Сант-Андрэа-дэла-Вале кардынал П'етра Паралін узначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ахвяр “генацыду голадам”, які меў месца ў савецкай Украіне 90 гадоў таму.

“Кожны раз, калі чалавек спрабуе быць гаспадаром гісторыі, узурпуючы месца Бога, які з’яўляецца Панам гісторыі, ён у выніку сее зерне смерці”, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Ён падкрэсліў, што калі палітычная ўлада не служыць агульнаму дабру, гэта можа прывесці да знішчэння цэлых груп насельніцтва.

Іерарх нагадаў, што цяпер на тэрыторыі Украіны ідзе бязлітасная вайна, якая пачалася 21 месяц таму з агрэсіі расійскай арміі. Ён выказаў спачуванні ўсім яе ахвярам.

Кардынал Паралін заахвоціў украінцаў не паддавацца адчаю, быць “моцнымі ў веры, моцнымі ў пакутах і адкрытымі на дар міру, які паходзіць ад Бога”, упэўненымі, што Божая справядлівасць асуджае зло і “паказвае Божае збаўленне тым, хто ідзе прамым шляхам”.
 

24 лістапада 2023, 14:01