Нікарагуа: ААН заклікае вызваліць біскупа Альварэса
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерарх знаходзіцца ў зняволенні са жніўня 2022 года. 18 кастрычніка 2023 года з турмы былі вызваленыя 12 каталіцкіх святароў.
Прадстаўніцы ААН выказалі глыбокую заклапочанасць сітуацыяй біскупа, які ўтрымліваецца ў ізаляцыі і ва ўмовах, якія, на іх думку, з'яўляюцца сур'ёзным парушэннем так званых правіл Нэльсана Мандэлы аб годным абыходжанні са зняволенымі, уведзеных у 2015 годзе ААН, а таксама сістэматычнымі нападамі на прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і іншых канфесій з боку нікарагуанскіх улад.
Яны таксама нагадалі, што з 2022 года ўлады пазбавілі легальнага статусу не менш за тысячу арганізацый, у тым ліку больш за 320 рэлігійных.
Паводле апошніх звестак, у Нікарагуа ў драматычных умовах утрымліваецца 91 палітвязень.
Пасля шырокамаштабных мірных антыўрадавых пратэстаў у красавіку 2018 года прэзідэнт Даніэль Артэга пачаў атаку на ўсіх, хто выступае супраць яго. З моманту пратэсту больш за пяць гадоў таму ў выніку дзяржаўнага насілля было забіта каля 400 нікарагуанцаў, што пацверджана міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, якія прыйшлі да высновы аб здзяйсненні рэжымам Артэгі злачынстваў супраць чалавечнасці.