Мігранты на італьянскай Лампедузе Мігранты на італьянскай Лампедузе  (ANSA)

Біскупы краін ЕС аб новым міграцыйным пакце

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) прадставіла шэраг асноўных прынцыпаў, якіх Еўрапейскі саюз павінен прытрымлівацца ў бягучых перамовах аб новым Еўрапейскім пакце аб міграцыі і прытулку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ідэя заключаецца ў тым, каб прыняць законы і механізмы, якія б забяспечвалі роўнае, справядлівае і гуманнае абыходжанне з кожным мігрантам і тым, хто просіць аб прытулку на ўсіх этапах працэдуры.

У заяве COMECE падкрэсліваецца, што мігранты і асобы, якія шукаюць прытулку, – гэта не лічбы, а людзі, якія заслугоўваюць велікадушнасці, салідарнасці і падтрымкі. Іерархі заахвоцілі тых, хто прымае палітычныя рашэнні ў Еўрапейскім Саюзе, распрацаваць палітыку супольнасці ў гэтай сферы, якая б паставіла чалавека ў цэнтр увагі ў адпаведнасці з чатырма прынцыпамі Папы Францішка: вітаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць.

Каб увасобіць гэту канцэпцыю, еўрапейскія біскупы прадставілі наступныя палітычныя рэкамендацыі: цалкам захаваць доступ да прытулку як асноўнага права чалавека для ўсіх, хто мае патрэбу ў міжнароднай абароне, і гуманна ставіцца да кожнага; гарантаваць бяспечнае месца асобам, якія ўцякаюць са сваёй краіны ад пераследу або вайны; дэманстраваць практычную салідарнасць паміж дзяржавамі-членамі для лепшага кіравання патокам мігранатаў; гарантаваць, каб ідэнтыфікацыя грамадзян трэціх краін на межах ЕС ажыццяўлялася ў адпаведнасці з падыходам, які паважае годнасць кожнага чалавека; укараніць больш бяспечныя і рэгулярныя каналы, якія не толькі палепшаць кіраванне міграцыйнымі патокамі, але і скароцяць нелегальную міграцыю; гарантаваць права на доступ да прытулку на справядлівых умовах, надаючы асаблівую ўвагу сем'ям з дзецьмі і непаўналетнім без суправаджэння; даць бяспечнае і годнае жыллё на час судовага разбіральніцтва.

Прызнаючы абмежаванні прымаючых краін у прыёме мігрантаў, COMECE заклікала пазбягаць рашэнняў, якія могуць прывесці да стварэння лагераў з небяспечнымі ўмовамі. На думку біскупаў, прыкладам тут можа служыць арганізацыя прыёму бежанцаў з Украіны пасля 2022 года.
 

19 снежня 2023, 11:37