Францішак заклікаў да міру і экалагічнага навяртання
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік звярнуў увагу на “сур'ёзную” сітуацыю ў Ізраілі і Палесціне. Ён прызнаўся ў тым, што яму “балюча” назіраць за спыненнем перамір'я, што “азначае смерць, разбурэнне, пакуты”.
“Многія закладнікі былі вызваленыя, але многія ўсё яшчэ застаюцца ў Газе. Нашы думкі з імі, з іх сем'ямі, якія ўбачылі святло, надзею на вяртанне сваіх блізкіх. У Газе вельмі шмат пакут; прадметы першай неабходнасці ў дэфіцыце. Няхай усе зацікаўленыя бакі пастараюцца як мага хутчэй дасягнуць новага пагаднення аб спыненні агню і знайсці рашэнні, адрозныя ад зброі, спрабуючы ісці мужнымі шляхамі міру”, - звярнуўся Францішак.
Ён запэўніў у сваіх малітвах ахвяр ранішняга тэракту на Філіпінах, дзе падчас Імшы выбухнула бомба, выказваючы блізкасць да сем'яў і жыхароў Мінданаа, якія спазналі пакуты.
Святы Айцец прызнаўся ў тым, што “з вялікай увагай сочыць за працай COP28 у Дубаі. “Аднаўляю свой заклік да адказу на змяненне клімату праз канкрэтныя палітычныя змены. Давайце выйдзем з абмежаванняў партыкулярызму і нацыяналізму, шаблонаў мінулага, і прымем агульнае бачанне, абавязваючы ўсіх цяпер, не адкладаючы на потым, да неабходнага глабальнага экалагічнага навяртання”, - звярнуўся ён.
Францішак нагадаў пра Міжнародны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі. “Прыём і ўключэнне тых, хто знаходзіцца ў гэтай групе, дапамагае грамадству ў цэлым стаць больш гуманным. У сем’ях, у парафіях, у школах, на працы, у спорце: давайце навучымся цаніць кожнага чалавека з яго якасцямі і здольнасцямі, не выключаючы нікога”, - заклікаў ён.
Затым Папа звярнуўся асабіста: “Жадаю ўсім добрай нядзелі і добрага Адвэнту. Калі ласка, не забывайце пра мяне ў сваіх малітвах”.