Пошук

Папа Францішак з моладдзю Scholas Occurrentes у Партугаліі Папа Францішак з моладдзю Scholas Occurrentes у Партугаліі  (ANSA)

Рух Scholas Occurrentes атрымаў прэмію ў галіне правоў чалавека

Заснаваны Францішкам адукацыйны рух Scholas Occurrentes атрымаў прэмію Севільскага ўніверсітэта ў галіне правоў чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прэмія імя Хуана Антоніа Карыльё Сальседы прысуджаецца Севільскім універсітэтам асобным дзеячам або арганізацыям за абарону правоў чалавека ў палітычнай, сацыяльнай або адукацыйнай сферы. Раней лаўрэатамі прэміі станавіліся іспанская каралева Сафія, вучоны, палітык і літаратар Федэрыка Маёр Сарагоса, дзяржаўны дзеяч Марселіна Арэха і філосаф Адэла Карціна.

Старшыня Фонду Scholas Occurrentes Хасэ Марыя дэль Корал так пракаментаваў узнагароду: "Scholas адстойвае ідэю, што паўнавартаснае жыццё – гэта права чалавека, якое нельга парушаць, і мы працуем над многімі праблемамі, каб дасягнуць гэтага. Мы вырашаем такія задачы, як прадухіленне самагубства ў многіх частках свету, падчас пандэміі займаліся псіхічным здароўем маладых людзей і падлеткаў у 30 краінах свету, змагаемся з такімі праблемамі, як банды ў Панаме, камора ў Неапалі і злоўжыванні ў адносінах да дзяцей у Партугаліі, Мексіцы і Іспаніі". "Многія з нас кажуць аб правах чалавека, але калі справа даходзіць да працы, мала хто гатовы запэцкаць рукі", - сказаў дэль Корал.

"Кожны дзень маладыя настаўнікі Scholas Occurrentes сутыкаюцца з рэальнымі праблемамі дзяцей і падлеткаў: адсутнасць псіхічнага здароўя, жахлівы рост самагубства, адсутнасць бяспекі, залежнасці і карупцыя, жорсткае абыходжанне, эксплуатацыя дзяцей, здзекі і кібербулінг, а таксама мноства іншых балючых праблем, якія патрабуюць увагі, творчасці і сумесных дзеянняў", - гаворыцца ў паведамленні руху.

Рух Scholas Occurrentes дзейнічае ў Іспаніі з 2015 года, актыўна супрацоўнічае з мясцовым Касцёлам і ўрадам. Філіялы арганізацыі былі створаны ў Мадрыдзе, Гранадзе, Валенсіі і Барселоне.

19 снежня 2023, 12:57