Святы Айцец падтрымаў музычны праект студэнткі з Віфлеема
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сёлета ў Віфлееме не будзе яліны і традыцыйных калядных святкаванняў. Гэты час, перш за ўсё, стане перыядам ціхай малітвы аб міры. У такіх умовах нарадзіўся праект палесцінскай студэнткі.
У пасланні да арцыбіскупа Вестмінстэрскага Вінцэнта Нікалса Францішак падкрэсліў, што “зямля, якая стала домам Князя міру, мае пакліканне быць месцам сустрэчы, дыялогу і надзеі для ўсіх”. Ён спадзяецца на тое, што музычная ініцыятыва натхніць многіх людзей у гэта Божае Нараджэнне да малітвы за новы росквіт братэрскай салідарнасці, згоды і міру ў Святой Зямлі.
“Сярод адчаю наша песня Hear the angels cry з'яўляецца сведчаннем нязменнага духу надзеі ў Віфлееме”, - заўважыла сама Юстына Сафар. - У той час як традыцыйныя калядныя ўпрыгажэнні могуць памеркнуць у гэтым годзе ў памяць аб загінулых у Газе, нашы галасы аб'ядноўваюцца, каб пацвердзіць, што надзея ніколі не саступіць цемры".
Выручка ад продажу песні будзе перададзена брытанскай дабрачыннай арганізацыі Сябры Святой Зямлі. Праз свой офіс у Віфлееме яна дапамагае сем'ям у Газе і на Заходнім беразе ракі Ярдан.
Песню Hear the angels cry можна паслухаць на YouTube і на Spotify.