Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра краевугольны камень рэжыму раззбраення

Для спрыяння эфектыўнаму выкананню абавязацельстваў, акрэсленых у Дагаворы аб забароне ядзернай зброі, Святы Пасад заклікае выкарыстоўваць патэнцыял Міжнароднай сістэмы маніторынгу і яе даных.

Ян Глінскі

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН у Нью-Ёрку, арцыбіскуп Габрыэле Кача, прыняў удзел у Другім пасяджэнні дзяржаў-удзельніц Дагавора аб забароне ядзернай зброі, падпісанага ў 2017 годзе і ратыфікаванага 56 краінамі.

На думку папскага дыпламата, Дагавор аб забароне ядзернай зброі і Дагавор аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў спрыяюць адзін аднаму і ўзаемна дапаўняюць, а таму павінны развівацца паралельна.

Для спрыяння эфектыўнаму выкананню абавязацельстваў, акрэсленых у Дагаворы аб забароне ядзернай зброі, Святы Пасад заклікае выкарыстоўваць патэнцыял Міжнароднай сістэмы маніторынгу і яе даных, а Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі называе “краевугольным каменем рэжыму раззбраення і нераспаўсюджвання”, - сцвердзіў іерарх.

У той жа час Святы Пасад не можа падтрымаць усе рэкамендацыі, змешчаныя ў справаздачы, у прыватнасці тыя, якія датычацца тэмы аказання дапамогі ахвярам. Паводле навуковых даследаванняў, радыяцыйныя наступствы выбухаў ядзернай зброі найбольш моцна адбіваюцца на асобах жаночага полу.

“Надзвычай праблемнымі элементамі” арцыбіскуп Кача назваў няясныя выказванні адносна полу, выкарыстанне неюрыдычных тэрмінаў, калі гаворка ідзе пра ахвяраў у кантэксце дапамогі, тэрмінаў, якія выклікаюць рознагалоссі ў пытаннях медыцынскай дапамогі. Як падкрэсліў ватыканскі дыпламат, усе спасылкі ў Дамове на “пол” Святы Пасад разумее ў адпаведнасці з агульнапрынятым ужываннем і значэннем слова “пол” – як мужчынскай і жаночай біялагічнай ідэнтычнасці.

“Спробы некаторых дакладчыкаў пераасэнсаваць гэты тэрмін такім чынам, каб не прызнаваць біялагічную аснову полу, – працягваў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду, – не толькі могуць падарваць выкананне Дагавору, але і адцягваюць увагу ад рэальных патрэбаў жанчын і дзяўчат, якія падвяргаюцца ўздзеянню радыяцыі ў выніку дзейнасці, звязанай з ядзернай зброяй”.
 

08 снежня 2023, 13:19