Пошук

Венесуэльскі рэферэндум на спрэчнай з Гаянай тэрыторыі Венесуэльскі рэферэндум на спрэчнай з Гаянай тэрыторыі 

Венесуэла: біскупы заклікалі ўлады да мірных адносін з Гаянай

Каталіцкія біскупы Венесуэлы заклікалі ўлады сваёй краіны прыняць меры для захавання мірных адносін з Гаянай, нягледзячы на абвастрэнне спрэчкі вакол памежных раёнаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У заявах для мясцовых СМІ і ў зваротах да народа яны падкрэслівалі неабходнасць добрых адносін з Гаянай, супраць якой рэжым прэзідэнта Нікаласа Мадуры выстаўляе прэтэнзіі на рэгіён Эсекіба, які складае 75 працэнтаў тэрыторыі ўсходняга суседа.

Чальцы венесуэльскага епіскапату заявілі, што рэферэндум, арганізаваны ўрадам у Каракасе ў нядзелю 3 снежня 2023 года, накіраваны на тое, каб грамадзяне выказалі сваё меркаванне аб магчымым захопе спрэчных зямель, служыць “выключна палітычным мэтам”. На іх думку, гэта спроба адцягнуць увагу ад унутраных праблем краіны, у прыватнасці ад перабояў з энерга- і водазабеспячэннем і дэфіцыту паліва, а таксама ад крызісу ў ахове здароўя і адукацыі, а таксама ад недахопу харчавання, што назіраецца ва ўсіх частках краіны.

4 красавіка 2023 года Нацыянальная выбарчая камісія паведаміла, што ў плебісцыце прынялі ўдзел 10,5 мільёна грамадзян, з іх больш за 95 працэнтаў падтрымалі стварэнне незалежнай дзяржавы ў рэгіёне Эсекіба, прапанову яго жыхарам венесуэльскага грамадзянства і “нанясенне гэтага дзяржаўнага ўтварэння на карту Венесуэлы”.

Мадура абвясціў, што яго ўрад прызнае нядзельнае галасаванне абавязковым для выканання. Пры гэтым ён нагадаў, што Венесуэла адмаўляецца ад пастановы міжнародных арбітраў ад 1899 года, якія вызначалі межы, калі Гаяна яшчэ была брытанскай калоніяй.

З 2018 года Міжнародны суд ААН разглядае тэрытарыяльную спрэчку паміж дзвюма краінамі, выступаючы супраць праведзенага рэферэндуму. Аднак улады ў Каракасе не прызнаюць паўнамоцтваў Міжнароднага суда ў гэтай справе. Яны заявілі, што не маюць намеру падпарадкоўвацца яго рашэнням, калі яны будуць нявыгаднымі для Венесуэлы.

У выпадку акупацыі рэгіёну Эсекіба плошчай каля 160 тысяч квадратных кіламетраў (уся Гаяна займае плошчу прыкладна 215 000 квадратных кіламетраў) Венесуэла захопіць рэгіён, багаты нафтай і мінераламі.
 

05 снежня 2023, 10:19