Віцэ-старшыня COMECE пра архітэктара Еўрасаюза Жака Дэлора
Марыя Валодзіна - Vatican News
Жак Дэлор узначальваў Еўракамісію з 1985 па 1995 год. Ён лічыцца архітэктарам Еўрасаюза і бацькам агульнай валюты – Еўра. Сярод яго заслуг: стварэнне адзінага рынку, падпісанне Шэнгенскіх пагадненняў, рэформа агульнай сельскагаспадарчай палітыкі, запуск праграмы студэнцкіх абменаў Erasmus. У сакавіку 2020 года ён заклікаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЕС да большай салідарнасці і сумеснага адказу на пандэмію COVID-19.
Па словах мансеньёра Эруара, за абавязацельствамі і рашэннямі Жака Дэлора “стаяла пэўнае бачанне чалавека і пэўнае ўяўленне пра павагу ў палітычнай барацьбе". Ён да канца выступаў за ўмацаванне еўрапейскага федэралізму, заклікаючы да большай смеласці падчас выхаду Вялікабрытаніі з ЕС і нападак "папулістаў усіх відаў".
"Дэлор меў сапраўдную канцэпцыю Еўропы, таму што цалкам усведамляў, што Еўропа павінна расці ў сваіх магчымасцях, а не быць толькі свайго роду эканамічным клубам, дзе людзі падзяляюць шэраг інтарэсаў", - адзначыў арцыбіскуп Эруар.
Дэлор належаў да таго пакалення, "якое зведала вайну і ведала, які мір можа прынесці Еўропа краінам, якія яшчэ некалькі гадоў таму знаходзіліся ў стане вайны", - сказаў іерарх.
Жак Дэлор нарадзіўся ў Парыжы 20 ліпеня 1925 года ў простай каталіцкай сям'і. Прымаў удзел у руху Хрысціянскай працоўнай моладзі, працаваў у Банку Францыі. Далучыўся да Французскай канфедэрацыі хрысціянскіх рабочых, удзельнічаў у стварэнні аднаго з вядучых французскіх прафсаюзаў: Французскай дэмакратычнай канфедэрацыі працы.
"Ён імкнуўся ўкараніць гуманістычныя каштоўнасці ў еўрапейскія інстытуты”, - адзначыў арцыбіскуп Эруар, дадаючы, што, верагодна, “у нейкі момант яго вера і яго роля супалі".
У 1985 годзе, калі Жак Дэлор узначальваў Еўрапейскую камісію, штаб-кватэру Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўпершыню наведаў Пантыфік: Ян Павел II. Праз тры гады, 8 кастрычніка 1988 года, Ян Павел II наведаў таксама і Савет Еўропы ў Страсбургу. У 2008 годзе Жак Дэлор сустракаўся з Бэнэдыктам XVI падчас яго візіту ў парыжскі Калеж бернардзінцаў.
Дэлор быў "сціплым чалавекам, які не выстаўляў сваю веру напаказ, а жыў ёю з дня ў дзень", - заключыў віцэ-старшыня COMECE, які быў знаёмы з ім, як з вернікам, у Парыжы і Бруселі.