Пошук

На плошчы святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота На плошчы святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: сёння не хапае выхавання ў духу міру

Вітаючы рымлян і пілігрымаў, якія прыбылі з Італіі і з многіх частак планеты ў Ватыкан, Папа заклікаў памятаць пра людзей, якія ў гэтыя дні пакутуюць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Давайце не забываць маліцца аб ахвярах апоўзня ў Калумбіі, які забраў мноства жыццяў, давайце памятаць пра тых, хто пакутуе ад жорсткасці вайны ў многіх частках свету, асабліва ва Украіне, Палесціне і Ізраілі”, - звярнуўся Францішак да сабраных 14 студзеня 2024 года на плошчы святога Пятра.

“У пачатку года мы абменьваліся пажаданнямі міру, але зброя працягвае забіваць і разбураць. Мы молімся, каб людзі, якія маюць уладу над гэтымі канфліктамі, задумаліся над тым, што вайна не з’яўляецца спосабам іх вырашэння, бо яна сее смерць сярод мірных жыхароў і разбурае гарады і інфраструктуру. Іншымі словамі, сёння вайна сама па сабе з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці. Не будзем забываць пра гэта: вайна сама па сабе з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці. Людзям патрэбны мір! Свет мае патрэбу ў міры!” - сказаў Пантыфік пасля малітвы Анёл Панскі.

На думку Францішка, сёння трэба “выхоўваць у духу міру”. “І мы бачым, што мы яшчэ не маем – усё чалавецтва не мае – такога выхавання, якое спыніла б усе войны. Давайце пастаянна маліцца аб гэтай ласцы: аб выхаванні ў духу міру”, - заклікаў Папа.
 

14 студзеня 2024, 12:41