Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Каталіцкія сем’і за глабальную забарону сурагатнага мацярынства

Еўрапейская федэрацыя каталіцкіх сямейных асацыяцый (FAFCE) заявіла, што настаў час увесці сусветную забарону на сурагатнае мацярынства. 5-6 красавіка 2024 года ў Рыме пройдзе Міжнародная канферэнцыя па гэтым пытанні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нагодай для заявы сталі словы Папы Францішка, які ў сваёй нядаўняй прамове перад дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы, заклікаў міжнародную супольнасць забараніць найм сурагатных маці. Ён не ўпершыню выказаўся супраць такой практыкі.

Асацыяцыя адзначае, што гэта адпавядае Касабланскай дэкларацыі, падпісанай 3 сакавіка 2023 года 100 юрыстамі, урачамі, псіхолагамі і іншымі экспертамі з 75 краін свету. Яны выступалі за ўсеагульную адмену сурагатнага мацярынства. Дакумент лічыцца першым крокам да заключэння міжнароднай дамовы.

“Мы будзем працягваць працаваць з рознымі людзьмі і арганізацыямі, якія падтрымліваюць Касабланскую дэкларацыю. Таксама дзякуючы закліку Святога Айца надышоў час пачаць канкрэтныя міжнародныя разважанні на дзяржаўным узроўні”, - звярнуў увагу старшыня Еўрапейскай федэрацыі і адзін з падпісантаў Дакумента Вінчэнца Басі.

Еўрапейская федэрацыя каталіцкіх сямейных асацыяцый была заснавана ў 1997 годзе. Яна мае сакратарыят у Бруселі і супрацоўнічае з Еўрапейскім Саюзам і Саветам Еўропы, што дае яе прадстаўнікам права прысутнасці на ўсіх пленарных пасяджэннях, доступу да распрацоўкі дакументаў і выступлення з афіцыйнымі заявамі.
 

10 студзеня 2024, 11:40