Рабіны і даследчыкі даслалі Францішку ліст падзякі
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Намаганні Касцёла па развіцці ўзаемаразумення там, дзе калісьці было суперніцтва, сяброўства там, дзе калісьці была варожасць, а таксама спачування там, дзе калісьці была пагарда, змянілі нашы супольнасці і пакінулі глыбокі адбітак у гісторыі. У лісце Вашай Святасці мы знайшлі пацверджанне гэтай прыхільнасці, якая набывае яшчэ большае значэнне ў наш час, калі нестабільнасць пагражае нават тым адносінам, якія будаваліся на працягу многіх дзесяцігоддзяў", - гаворыцца ў пасланні, накіраваным Францішку некаторымі рабінамі і ўдзельнікамі каталіцка-юдэйскага дыялогу.
Ліст падпісалі рабіны і даследчыкі: Іегошуа Арэнс (Франкфурт/Берн), Іцхак Грынберг (Іерусалім/Нью-Ёрк), Давід Мэер (Парыж/Рым), Карма Бэн Ёханан (Іерусалім) і Малка Зэйгер Сімкавіч (Чыкага). У лістападзе 2023 года яны ўжо звярталіся да Францішка з пасланнем, у якім заклікалі да збліжэння паміж яўрэямі і хрысціянамі пасля масавых забойстваў 7 кастрычніка і ўсплёску антысемітызму і антыюдаізму па ўсім свеце.
2 лютага 2024 года Папа скіраваў сваім "яўрэйскім братам і сёстрам у Ізраілі" ліст, у якім запэўніў у салідарнасці Касцёла з яўрэйскім народам і ў той жа час заклікаў да хуткага прымірэння паміж усімі прадстаўнікамі ўсіх этнічных груп і рэлігійных канфесій, якія жывуць у Святой Зямлі.
У новым лісце рабінаў ад 15 лютага 2024 года гаворыцца: "Мы знаходзім суцяшэнне ў тым, што Вы працягваеце руку дапамогі яўрэям ва ўсім свеце, і асабліва ў Ізраілі, у гэты час вялікіх пакут”, а таксама “у Вашай прыхільнасці актыўнаму супраціву антысемітызму і антыюдаізму, якія ў апошні час набылі маштабы, невядомыя большасці з нас пры нашым жыцці”.
"Мы жывем у гістарычны момант, які патрабуе настойлівасці, надзеі і мужнасці. Пераўтваральная сіла дэкларацыі Nostra Aetate натхняе нас, дэманструючы, што братэрства можа быць адноўлена нават у самых складаных канфліктах. Мы далучаемся да нашых каталіцкіх братоў і сясцёр у іх перакананні ў тым, што рэлігіі могуць быць творчымі сіламі, надзеленымі здольнасцю адкрываць шляхі, якія ў адваротным выпадку засталіся б зачыненымі", - гаворыцца ў лісце рабінаў да Папы.
"Боль жыхароў гэтай зямлі, яўрэяў, хрысціян, мусульман і іншых, прычыняе боль усім нам і ўплывае на наша жыццё і нашу будучыню”, - напісалі аўтары паслання, далучаючыся да Папы ў малітве аб міры, аб спыненні тэрору, аб вылячэнні параненых і суцяшэнні ўсіх, хто жыве ў смутку.