Пошук

Генеральны сакратар ААД Луіс Альмагра на аўдыенцыі з Францішкам Генеральны сакратар ААД Луіс Альмагра на аўдыенцыі з Францішкам  (Vatican Media)

Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў прызначыла паслоў добрай волі

Генеральны сакратар Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў Луіс Альмагра прызначыў пасламі добрай волі рабіна Даніэля Эрнэста Голдмана, каталіцкага святара Гільерма Марціна Марка і ісламскага дзеяча Амара Ахмеда Аббуда. Намінантаў павіншаваў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Аюса Гішот.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ідэя абрання паслоў міру і дыялогу ўзнікла сем гадоў таму ў выніку сустрэчы Францішка з кіраўніком Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў (ААД) Луісам Альмагра. Была створана платформа "Амерыка ў дыялогу – наш агульны дом", як працяг ініцыятывы, распачатай арцыбіскупам Хорхэ Берголіа ў Аргенціне.

Цырымонія прызначэння паслоў добрай волі прайшла 19 сакавіка 2024 года ў штаб-кватэры ААД у Вашынгтоне. Задача паслоў – унесці свой уклад у намаганні па павышэнню дасведчанасці грамадскасці аб важнасці дыялогу паміж рэлігійнымі канфесіямі на амерыканскім кантыненце.

Як адзначыў падчас цырымоніі генеральны сакратар ААД Луіс Альмагра, арганізацыя “працягвае надаваць імпульс паглыбленню міжрэлігійнага дыялогу паміж людзьмі розных веравызнанняў з асаблівай мэтай садзейнічання дыялогу і міру ва ўсім свеце". Сярод асноўных мэтаў ААД – "кансалідацыя прадстаўнічай дэмакратыі, прадухіленне магчымых бар’ераў, мірнае вырашэнне спрэчак, якія ўзнікаюць паміж дзяржавамі-членамі, і садзейнічанне справядлівасці і сацыяльнай бяспекі".

“Мы віталі ініцыятыву Папы Францішка як нашу ўласную, таму што яна супадае з асноўнымі прынцыпамі ААД. З тых часоў мы прасоўваем міжрэлігійны дыялог як сумесную і інклюзіўную дзейнасць, у якой удзельнічаюць каталіцкая, яўрэйская і мусульманская супольнасці, на карысць міру і прымірэння народаў Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі", - сказаў кіраўнік ААД.

Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу павіншаваў паслоў добрай волі з прызначэннем. У сваім пасланні ён выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што новыя паслы могуць узбагаціць "будучыню нашага грамадства і ўсяго свету".

21 сакавіка 2024, 10:56