Пошук

Супрацьтанкавыя ракеты на канвееры. Зброевы завод Lockheed Martin у Троі, штат Алабама, ЗША. Супрацьтанкавыя ракеты на канвееры. Зброевы завод Lockheed Martin у Троі, штат Алабама, ЗША. 

Avvenire: банкі інвестуюць амаль трыльён у ваенную прамысловасць

Банкі і фінансавыя інстытуты выдзяляюць больш за 959 мільярдаў – амаль трыльён – долараў ЗША ў падтрымку ваеннай прамысловасці. Аб гэтым ідзе гаворка ў артыкуле Іларыі Салаіні ў італьянскай Avvenire.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Даныя, якія прыводзіць выданне, змешчаны ў справаздачы фінансавай групы Этычны банк і Глабальнага альянсу за каштоўнасна арыентаваны банкінг (GABV). Больш за палову агульных інвестыцый у ваенную прамысловасць прыпадае на ЗША, 79 мільярдаў – на 10 вядучых еўрапейскіх інвестараў. 15 найбуйнейшых еўрапейскіх банкаў інвестуюць у зброевыя кампаніі больш за 87 мільярдаў еўра.

Справаздача Фінансаванне міру. Фінансаванне вайны была падрыхтавана кансалтынгавай кампаніяй Merian Research, якая спецыялізуецца на сацыяльных і экалагічных пытаннях. Яе прэзентацыя праходзіла ў Падуі і Мілане з 26 па 29 лютага 2024 года.

У 2023 годзе глабальныя выдаткі на абарону выраслі на 9% і дасягнулі рэкордных 2,2 трыльёнаў долараў ЗША. Войны ва Украіне і ў Палесціне прывялі да рэзкага росту кошту акцый прадпрыемстваў, якія вырабляюць зброю. Аналіз Financial Times паказаў, што колькасць заказаў на новыя ўзбраенні дасягнула рэкорднага ўзроўню ў 2022 годзе і ў першай палове 2023 года.

Міжнароднае бюро міру правяло пералік кошту ўзбраенняў у тавары і паслугі ў галіне аховы здароўя: адзін еўрапейскі шматмэтавы фрэгат FREMM каштуе як гадавая зарплата 10662 медыкаў (у краінах АБСЕ); знішчальнік F-35 эквівалентны 3244 ложкам у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, а адна атамная падлодка класа Вірджынія каштуе як 9180 аўтамабіляў хуткай дапамогі. Паловы сродкаў, выдзеленых урадамі на ўзброеныя сілы (больш за 2 мільярда), было б дастаткова для аказання базавай медыцынскай дапамогі ўсім жыхарам планеты і значнага скарачэння выкідаў парніковых газаў.

Існуюць аднак шматлікія банкі і інвестыцыйныя інстытуты, якія не фінансуюць ваенную прамысловасць, выключаючы гэты сектар па этычных прычынах.

Ёсць розныя спосабы выключэння ўзбраенняў з інвестыцый: большасць банкаў выключае толькі вытворчасць спрэчных відаў узбраенняў: супрацьпяхотных мін, касетных бомб, хімічнай і біялагічнай зброі. Дарэчы, гэтыя віды ўзбраенняў і так шырока забароненыя нацыянальным і міжнародным заканадаўствам. Некаторыя інвестары распаўсюджваюць абмежаванні і на кампаніі, якія вырабляюць ядзерную зброю, узбраенні з збедненым уранам і белым фосфарам.

Вайна ва Украіне змяніла погляд на індустрыю ўзбраенняў: у лістападзе 2023 года міністры абароны ЕС ухвалілі сумесную дэкларацыю аб пашырэнні доступу абароннай прамысловасці да фінансавання. Некаторыя фінансавыя ўстановы, якія раней выключалі зброю са сваіх інвестыцый, змянілі палітыку.

Тым не менш 71 этычны банк, які ўваходзіць у Глабальны альянс, не фінансуе вытворчасць зброі або гандаль ёй.

На штогадовай сустрэчы ў Італіі Глабальны альянс прадставіў Маніфест аб фінансаванні міру. "Наш абавязак – заахвоціць людзей і фінансавыя ўстановы задацца пытаннем, наколькі законна зарабляць на чалавечым няшчасці? Ілюзія, быццам больш узброены свет стане больш бяспечным і мірным, абвяргаецца фактамі: росту глабальных ваенных выдаткаў заўсёды адпавядаў рост канфліктаў”, - падкрэсліла старшыня Этычнага банка Італіі Ганна Фазана.

"Прыйшоў час атрымаць выгаду з міру, а не з вайны", - лічыць генеральны дырэктар Глабальнага альянсу GABV Марцін Ронер.
 

05 сакавіка 2024, 12:37