Ганконг: улады патрабуюць парушэння таямніцы споведзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Поўны тэкст новага закона аб унутранай бяспецы быў апублікаваны 8 сакавіка 2024 года. Ён уключыў у сябе на пяць катэгорый злачынстваў больш, чым раней было прадстаўлена для грамадскага абмеркавання.
Для Каталіцкага Касцёла таямніца споведзі з’яўляецца непарушнай, і хоць святар можа заахвоціць пэнітэнта, які здзейсніў цяжкае злачынства, прызнацца ў ім уладам, ён не мае права паведаміць пра гэта сам і не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за тое, што выслухаў гэтую споведзь.
Прымушэнне святара раскрыць сказанае падчас споведзі, супраць яго волі і сумлення і з поўным парушэннем прыватнага жыцця асобы, якая спавядаецца, радыкальна супярэчыць Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і як такое цалкам непрымальна.
29 чэрвеня 2019 года Апостальская Пэнітэнцыярыя выдала ноту аб важнасці “ўнутранага форуму” і непарушнасці таямніцы споведзі. У ёй падкрэсліваецца, што святар-спавядальнік, дзейнічаючы in persona Christi, пазнае грахі пэнітэнта “не як чалавек, але ад імя самога Бога”.
Дакумент нагадвае пра абсалютную сакрамэнтальную непарушнасць, якая заснавана на Божым законе і не дапускае ніякіх выключэнняў. Святар пакліканы бараніць таямніцу споведзі не толькі з “вернасці” да пэнітэнта, але ў першую чаргу з пашаны да святасці сакрамэнту пакаяння.
Дакумент раздзяляе сакрамэнтальную таямніцу святара і прафесійную таямніцу, якая звязвае асобныя катэгорыі людзей: урачоў, журналістаў і юрыстаў. У гэтых выпадках існуюць выключэнні з агульнага прынцыпу таямніцы. Таямніца споведзі – гэта не навязанае звонку абавязацельства, а неад'емнае патрабаванне сакрамэнту, і, як такая, не можа быць адменена і самім пэнітэнтам. Чалавек, які спавядаецца, размаўляе не з чалавекам-спаведнікам, а з Богам, таму авалоданне тым, што належыць Яму, павінна лічыцца святатацтвам.