Іспанія: каталіцкі ўніверсітэт даследуе рост агрэсіі да рэлігіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Даследаванне, як пацвердзіла кіраўніцтва ВНУ, было замоўлена Канферэнцыяй Біскупаў Іспаніі. У паведамленні адзначаецца, што праца была даручана новастворанаму ўніверсітэцкаму падраздзяленню – Рэлігійнаму даследчаму цэнтру пры Тэалагічным факультэце (ORYC).
Гаворка ідзе пра падрыхтоўку статыстыкі па ўсіх відах агрэсіі супраць рэлігійнай свабоды ў дачыненні да прадстаўнікоў усіх канфесій.
Апошняя статыстыка, апублікаваная ў лістападзе 2023 года, якая тычыцца нападаў на інстытуты Каталіцкага Касцёла, паказвае, што паміж 2021 і 2022 гадамі колькасць выпадкаў абмежавання рэлігійнай свабоды ў Іспаніі павялічылася на 6 працэнтаў і дасягнула 208. Тры з чатырох нападаў закранаюць католікаў, гаворыцца ў справаздачы Каталіцкага ўніверсітэта CEU-San Pablo у Мадрыдзе.
У дакуменце звяртаецца ўвага на тое, што леварадыкальная партыя Podemos лідзіруе ў славесных нападках на касцёльныя ўстановы. 31 акт вандалізму ў дачыненні да рэлігійных аб'ектаў датычыўся месц, якія належаць католікам. Акрамя таго, католікі (4 выпадкі) сталі адзінай канфесіяй у Іспаніі, чые прадстаўнікі былі пабіты за веру ў 2022 годзе.