Іспанія: шматлікія працэсіі на пачатку Вялікага тыдня
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Пальмовую нядзелю самай папулярнай працэсіяй з'яўляецца Барыкіта (Borriquita), якая адзначае трыумфальны ўваход Езуса ў Ерузалем. Брацтвы нясуць вялікае паса (paso) – сцэну з выявай Езуса на асляняці, па-іспанску borrica, адсюль і назва папулярнай працэсіі, якая праходзіць па вуліцах іспанскіх гарадоў.
У Бенетусеры каля Валенсіі Езус едзе верхам на сапраўдным асле. Барыкіта прыцягвае цэлыя сем'і. Маленькія дзеці ідуць у працэсіі, моцна сціскаючы аліўкавыя галінкі. Іншыя мужна змагаюцца з насунутымі на вочы капюшонамі (capirotas). Шэсце радаснае і маляўнічае.
Парафіі таксама ладзяць працэсіі. У Пальмовую нядзелю прыносяць так званыя белыя пальмы з Эльчэ. Першыя згадкі аб працэсіях у гэтым горадзе датуюцца канцом XIV стагоддзя. Жыхары Эльчэ выкарыстоўваюць спецыяльную тэхніку адбельвання пальмаў, якія адпраўляюцца ў многія гарады краіны і за мяжой.