Пошук

 Вартавая вежа на паўночнакарэйскай мяжы Вартавая вежа на паўночнакарэйскай мяжы  (AFP or licensors)

Міжрэлігійная пілігрымка міру на карэйскай мяжы

Прадстаўнікі чатырох асноўных рэлігій Паўднёвай Карэі здзейснілі паломніцтва да сімвалічных месцаў каля мяжы, якая падзяляе Карэйскі паўвостраў, каб маліцца за мір і ўз'яднанне падзеленага народа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У малітоўнай ініцыятыве, якую рэалізавалі з 29 лютага па 21 сакавіка 2024 года, бяруць удзел католікі, пратэстанты, будысты і прадстаўнікі новага будысцкага руху Вон.

Мірная пілігрымка была здзейснена ў кантэксце росту напружанасці паміж дзвюма Карэямі. “Мір – гэта фундаментальная каштоўнасць, якая адносіцца да ўсіх рэлігій, і ніколі не можа быць дасягнута фізічнай сілай. Мы прызнаём адрозненні, прымаем іх і рухаемся разам, гледзячы ў адным кірунку”, - падкрэслілі арганізатары.

Некаторыя ўдзельнікі прайшлі 400 кіламетраў, каб дабрацца да ваеннай дэмілітарызаванай зоны, паласы зямлі, якая з 1953 года служыць буферам паміж дзвюма Карэямі.

Пілігрымы наведалі, між іншым, Звон міру ў Паджу. Ад імя Каталіцкага Касцёла там выступіў ксёндз Цімаці Лі Ын Хён з дыяцэзіі Уіджонбу. Ён нагадаў старую карэйскую прымаўку: шлях у тысячу міль заўсёды пачынаецца з першага кроку. “Гэта крок, які мы хочам зрабіць. Я лічу, што гэта добрая ініцыятыва для пабудовы міру. Заклікаем усіх далучыцца да нас на шляху міру і збаўлення”, - звярнуўся каталіцкі святар.
 

21 сакавіка 2024, 11:26