Пошук

Базіліка святога Марка ў Венецыі Базіліка святога Марка ў Венецыі 

Osservatore: Пантыфік упершыню на біенале мастацтва ў Венецыі

Рымскі Пантыфік упершыню пабывае на біенале мастацтва ў Венецыі. Аб гэтым на старонках Osservatore Romano піша Бруна Фабіа Пігін.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Плануецца, што 28 красавіка 2024 года Францішак прыбудзе ва ўнікальны горад, у якім у цудоўным, але і вельмі далікатным сінтэзе спалучаюцца мастацтва і вера, гісторыя і культура. Візіт уяўляе сабой красамоўнае пасланне: паміж мастацтвам і рэлігіяй існуе моцная сувязь.

Касцёл заўсёды спрыяў развіццю і захаванню гісторыка-мастацкіх каштоўнасцей. Дастаткова сказаць, што Ватыкан – адзіная ў свеце дзяржава, уся тэрыторыя якой цалкам абвешчаная ЮНЕСКА аб'ектам Сусветнай спадчыны, - адзначаецца ў артыкуле ватыканскай газеты. 

У чаканні папскага візіту ў Венецыю, 6 сакавіка 2024 года ў палацы, спраектаваным Бальдасары Лангена, размешчаным побач з базілікай дэла-Салютэ, дзе знаходзіцца Факультэт кананічнага права, арганізатар сустрэчы, пройдзе канферэнцыя пад назвай Касцёл і культурная спадчына: захаванне і павышэнне ролі. На яе збяруцца каля 150 экспертаў.

Італія – краіна з найбольшай колькасцю культурных аб'ектаў і каштоўнасцей, абвешчаных сусветнай спадчынай. Многія з іх належаць Касцёлу, некаторыя – іншым рэлігіям і канфесіям, такім як яўрэйская і вальдэнская. Гэтыя бясцэнныя скарбы неабходна дбайна захоўваць і выкарыстоўваць, што не заўсёды адбываецца з прычыны блізарукасці, неахайнасці і дэградацыі.

Як гэта прадухіліць? Як адрадзіць занядбаныя культавыя будынкі мастацкай каштоўнасці ў гарадах? Як абараніць культурныя каштоўнасці ад злачынстваў? Як пазбегнуць непрыстойнага выкарыстання шэдэўраў сакральнага мастацтва ў рэкламных мэтах? Як захоўваць і выстаўляць творы мастацтва ў сучасным музеі? На гэтыя пытанні паспрабуюць адказаць удзельнікі канферэнцыі.

Вынікі форуму апублікуюць у прэстыжным часопісе Ephemerides Iuris Canonici, які выдаецца ў Венецыі і добра вядомы ў навуковай супольнасці экспертаў у галіне права.
 

05 сакавіка 2024, 11:40