Пілігрымы ў Фаціме Пілігрымы ў Фаціме  (AFP or licensors)

Партугалія: Каталіцкі Касцёл – на турыстычным кірмашы

У турыстычным кірмашы BTL у Лісабоне прыняў удзел Каталіцкі Касцёл у Партугаліі, які плануе рэгулярна прадстаўляць свае прапановы ў сферы рэлігійнага турызму.

Ян Глінскі

Па словах Жаані Сантаi Коэльё, прадстаўніцы Душпастырства турызму пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Партугаліі, удзел Касцёла ў кірмашы з’яўляецца часткай шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё рэлігійнага турызму, які ў гэтай краіне складае 10-15 працэнтаў ад агульнага абароту турызму. Як дадала Коэльё, у сферы распаўсюджвання рэлігійнай спадчыны будуць супрацоўнічаць партугальскія дыяцэзіі.

Адной з самых актыўных з пункту гледжання турыстыкі з’яўляецца дыяцэзія Лейрыя-Фаціма, на тэрыторыі якой штогод арганізоўваюцца канферэнцыі і кангрэсы для прадпрымальнікаў з рэлігійнай сферы. Напрыклад, у канцы лютага 2024 года некалькі соцень прадстаўнікоў гэтага сектара сталі ўдзельнікамі адзінаццатага такога з’езду, арганізаванага на тэрыторыі санктуарыя Маці Божай Ружанцовай у Фаціме. У кангрэсе ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі таксама іншых сфер, якія маюць сувязь з турыстыкай: транспартнай, забаўляльнай, прадуктовай і атэльнай. Паводле інфармацыі арганізатараў, ужо ў гэтым годзе ў межах фацімскіх мерапрыемстваў адбылося больш за пяць тысяч бізнес-сустрэч.

Галоўным рэлігійным напрамкам турыстаў, якія прыязджаюць у Партугалію, з’яўляецца марыйны санктуарый у Фаціме, які ў 2023 годзе наведалі больш за 6,8 мільёнаў пілігрымаў. Гэта на 39 працэнтаў больш у параўнанні з 2022 годам.
 

08 сакавіка 2024, 11:02