Пошук

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья  (ANSA)

Святы Пасад: трэба ліквідаваць прычыны, якія вядуць да аборту

Святы Пасад адрэагаваў на ўнясенне ў Канстытуцыю Францыі “права на аборт”. Гэтае рашэнне было прынята 4 сакавіка 2024 года на пасяджэнні абедзвюх палат французскага парламента ў Версалі.

Ян Глінскі

Як адзначыў старшыня Папскай акадэміі жыцця, не можа быць “права” на выдаленне чалавечага жыцця, замест гэтага трэба займацца ліквідацыяй прычын, якія вядуць да абортаў. “Касцёл заўсёды быў адданы гэтай справе. Мноства жанчын, знайшоўшы тых, хто аказаў ім падтрымку, не толькі эканамічную, нарадзілі сваіх дзяцей і цешыліся гэтаму”, - дадаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

У інтэрв’ю для часопіса La Stampa іерарх падтрымаў пазіцыю французскіх біскупаў, якія 29 лютага 2024 года выказаліся, што аборт – гэта ад самага пачатку замах на жыццё, і ён не можа разглядацца выключна з перспектывы правоў жанчын. “Ёсць адносіны паміж людзьмі, ёсць грамадства, у якім мы ўзрастаем і жывём. Жанчын трэба падтрымліваць, дапамагаць – як падчас цяжарнасці, так і калі яны становяцца маці”, - перакананы арцыбіскуп Палья.

Іерарх таксама нагадаў пра значэнне Францыі для Еўропы, для свету, для паўсюдных прынцыпаў свабоды, братэрства і роўнасці. “У эру паўсюдных правоў чалавека не можа існаваць права на элімінацыю чалавечага жыцця”, – падкрэсліў ён.

Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на тое, што Касцёл стараецца скіроўваць моцнае, універсальнае пасланне і “просіць – не навязвае, не асуджае, але просіць! – звяртаецца да ўсіх урадаў і ўсіх рэлігійных традыцый зрабіць усё, што ў іх моцы, каб на гэтым этапе гісторыі абарона жыцця стала абсалютным прыярытэтам”.

Арцыбіскуп Палья зазначыў, што заканадаўчая культура павінна “клапаціцца перш за ўсё пра абарону найслабейшых і самых безабаронных”. “Абарона чалавечага жыцця – гэта першая мэта чалавецтва, і яно можа развівацца толькі ў свеце свабодным ад канфліктаў і ран, дзе навука, тэхналогіі і прамысловасць служаць асобе і братэрству”, - сказаў ён.

Цытуючы Папу Францішка, арцыбіскуп нагадаў, што абарона чалавечага жыцця – гэта не ідэалогія Касцёла, а чалавечая рэчаіснасць; і важна на культурным і адукацыйным узроўні навучыць будучыя пакаленні стаўленню, якое грунтавацца на салідарнасці, апецы і прыняцці. “Культура жыцця не з’яўляецца спадчынай выключна хрысціян, яна належыць усім тым, хто, імкнучыся будаваць братэрскія адносіны, лічаць годнасць уласцівай для кожнай асобы, нават калі яна слабая або пакутуе, - заўважыў іерарх. - Мы павінны заўсёды абараняць жыццё. Мы не можам думаць аб праве на тое, каб яго пазбаўляць”.
 

08 сакавіка 2024, 10:49