Ватыканская абсерваторыя: бліжэй да разумення Вялікага выбуху
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як адзначаецца ў заяве ўстановы, мэтай з'яўляецца вывучэнне законаў фізікі ў першыя моманты існавання Сусвету. Новы артыкул ксяндза Габрыэля Гіёнці, езуіта, і ксяндза Матэа Галаверні Пра кананічную эквівалентнасць паміж сістэмамі Джордана і Эйнштэйна з'явіўся ў European Physical Journal C.
Ватыканская абсерваторыя нагадвае, што Агульная тэорыя адноснасці Альберта Эйнштэйна добра апісвае фізіку вялікіх структур у сучасным Сусвеце. Аднак да гэтага часу застаюцца пытанні адносна таго, якія законы дзейнічалі ў першыя моманты яго існавання, а таксама аб тым, як узгадніць сучасную тэорыю гравітацыі з квантавай механікай для фізічнага апісання звышмалых аб'ектаў. Спробы зразумець вышэйзгаданыя праблемы прыводзяць да прапановы новых тэорый, у тым ліку тых, якія прадказваюць, што гравітацыя можа працаваць інакш, чым апісваецца агульнай тэорыяй адноснасці.
Ватыканскія касмолагі паказваюць, што з дапамогай матэматычнага інструмента яны могуць трансфармаваць рашэнне фізічнай праблемы з альтэрнатыўнай тэорыі гравітацыі ў агульную тэорыю адноснасці.
“Спроба зразумець законы фізікі ў першыя моманты існавання Сусвету сапраўды займальная”, - прызналіся ксяндзы Гіёнці і Галаверні. Яны дадалі, што з пункту гледжання верніка новыя адкрыцці – гэта заўсёды магчымасць захапіцца прыгажосцю таго, як быў створаны наш свет.