Пошук

Падчас генасамблеі Канферэнцыі Біскупаў Германіі ў Аўгсбургу. Люты 2024 года Падчас генасамблеі Канферэнцыі Біскупаў Германіі ў Аўгсбургу. Люты 2024 года  (ANSA)

Германія: біскупы супраць лібералізацыі заканадаўства аб абортах

Канферэнцыя Біскупаў Германіі выказала занепакоенасць апублікаванай 15 красавіка 2024 года справаздачай Камісіі па рэпрадуктыўным самавызначэнні і рэпрадуктыўнай медыцыне, створанай урадам Германіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatiacan News

У дакуменце, насуперак пастановам Федэральнага канстытуцыйнага суда, сцвярджаецца, што чалавек набывае правы толькі ў момант нараджэння.

Старшыня нямецкага епіскапату, біскуп Георг Бетцынг заявіў, што глыбокая дыскусія па пытаннях, прадстаўленых камісіяй, абсалютна неабходная, таму што яе даклад закранае асноватворныя для грамадства рэчы.

У выпадку з абортам існуючая заканадаўчая база абараняе як самавызначэнне, так і здароўе жанчыны і ненароджанага дзіцяці. Тым не менш, рэкамендацыі Камісіі паказваюць на тое, што аборт на ранніх тэрмінах можа быць зроблены без кансультацыі, таму што, паводле яе высноў, эмбрыён мае менш правоў на жыццё ў першыя тыдні. На думку Камісіі, аборт не павінен быць дазволены, пакуль плод не стане здольным жыць па-за ўлоннем маці.

Біскуп Бетцынг крытыкуе той факт, што, паводле Камісіі, поўнае права на жыццё набываецца толькі ў момант нараджэння, што супярэчыць пастановам Федэральнага канстытуцыйнага суда.

Справаздача Федэральнай камісіі таксама змяшчае меркаванне аб тым, што ў Германіі, пры строга вызначаных умовах, можа быць законна дазволена сурагатнае мацярынства.

“Практыка сурагатнага мацярынства парушае годнасць жанчыны і дзіцяці”, - заўважыў старшыня епіскапату. “Дзіця нельга камерцыялізаваць, а жанчыну, якая носіць дзіця, нельга эксплуатаваць. Больш за тое, сама Камісія выказвае асцярогі і гаворыць пра рызыку парушэння правоў, таму і прапануе абмежавальныя прававыя нормы. Але ў нас ёсць сур'ёзныя сумневы ў тым, што прававыя нормы могуць вырашыць фундаментальныя праблемы сурагатнага мацярынства”, - дадаў іерарх.

Епіскапат падкрэсліў неабходнасць захавання дзеючай забароны на донарства яйцаклетак і сурагатнае мацярынства.
 

16 красавіка 2024, 10:00