Лагатып Канферэнцыі Біскупаў Партугаліі Лагатып Канферэнцыі Біскупаў Партугаліі  

Партугалія: большасць ахвяр злоўжыванняў не хоча кампенсацый

Большасць асоб, якія звярнуліся да касцёльных улад у сувязі з меркаванымі злоўжываннямі з боку духавенства, не чакаюць выплаты грашовай кампенсацыі, - паведаміў партугальскі епіскапат праз Vita Group.

Аляксандр Амяльчэня - Vatiacan News

Гэты орган у складзе касцёльных структур Партугаліі адказвае за прыём заяў ад меркаваных ахвяр сексуальных злоўжыванняў з боку святароў і свецкіх – супрацоўнікаў Касцёла.

Канферэнцыя Біскупаў Партугаліі пагадзілася запусціць сістэму выплаты фінансавай кампенсацыі ахвярам сексуальных злоўжыванняў. Сродкі паступяць са спецыяльнага фонду, створанага ў супрацоўніцтве з дыяцэзіямі.

Паводле Vita Group, з 89 чалавек, якія заявілі, што пацярпелі ад людзей Касцёла, пераважная большасць была накіравана на лячэнне да спецыялістаў у галіне псіхалогіі і псіхіятрыі. З пацярпелых 24 чалавекі падалі заяву на кампенсацыю. Удакладняецца, што кожны з гэтых запытаў будзе старанна прааналізаваны, а памер кампенсацыі будзе залежаць ад некалькіх умоў.

Дакладная колькасць ахвяр невядомая. Хоць так званая незалежная камісія на чале з псіхіятрам Педру Стрэхтам атрымала ў 2022 і 2023 гадах больш за 500 паведамленняў ад меркаваных ахвяр і сведак злоўжыванняў у перыяд з 1950 па 2022 гады, партугальскія службы не надалі значэння яе дакладу. Паколькі пераважная большасць паведамленняў у камісію Стрэхта грунтавалася на допісах у інтэрнэце, партугальская пракуратура пачала расследаванне толькі па некалькіх з іх.
 

16 красавіка 2024, 10:52