Пошук

Біскуп Марыяна Крачата Біскуп Марыяна Крачата 

Старшыня COMECE: еўрапейскі свет можа перажыць неймаверны шок

“Дэлегітымізацыя Еўрапейскага Саюза як такога з прычыны таго, што ён не ў поўнай меры паважае наш хрысціянскі светапогляд, было б вялікай памылкай”, - такую думку выказаў біскуп Марыяна Крачата, старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Ян Глінскі

“Канец саюзу быў бы яшчэ большай здрадай – на гэты раз з нашага боку – гістарычнаму выніку, які аб’ядноўвае плён хрысціянскай традыцыі і магчымасць будучыні для нашых краін і нашых Касцёлаў”, – дадаў італьянскі іерарх падчас адкрыцця вясенняга пленарнага пасяджэння ў польскай Ломжы 17 красавіка 2024 года.

Закранаючы тэму нядаўніх рашэнняў, прынятых у Еўрасаюзе, такіх як рэзалюцыя аб уключэнні абортаў у Хартыю асноўных правоў і праект Пакта аб міграцыі, біскуп Крачата адзначыў, што “мы можам мець спакусу дыстанцыявацца, астудзіць нашае прызнанне і заахвочванне адносна пэўных выбараў, якія наўпрост супярэчаць нашаму чалавечаму і рэлігійнаму сумленню”. У перспектыве будучых выбараў да Еўрапарламента іерарх заклікаў быць асцярожнымі, таму што, “калі б Еўрасаюз больш не існаваў, наша здольнасць выказвацца і ўплываць на дынаміку ўсяго кантынента таксама знікла б”.

На думку старшыні COMECE, “наш еўрапейскі свет можа зведаць небывалы шок”. “Які лёс напаткае Еўрапейскі саюз і ўсю Еўропу, калі гэтая вайна прынясе ўсе свае наступствы, аблічча якіх мы не можам сабе ўявіць?” - задаваўся пытаннем іерарх у кантэксце расійскай агрэсіі ва Украіне. “Вяртанне вайны ў Еўропу кідае заслону ценю” на ўсе аспекты жыцця людзей, якія там жывуць. Сітуацыя яшчэ больш ускладняецца ізраільска-палесцінскім канфліктам на Блізкім Усходзе і адкрытым удзелам у ім Ірана. І хоць гэта не еўрапейская вайна, аднак “яе наступствы для нашых краін відавочныя, а перш за ўсё, небяспечныя”.

Як падкрэсліў іерарх, “у шматпалярным свеце, у якім з’яўляюцца новыя вядучыя дзяржавы, Еўрапейскі саюз, падзелены ўнутранымі спрэчкамі і таму не здольны выказаць сябе адзіным, моцным і рашучым голасам, можа толькі падрыхтавацца заплаціць высокую цану”, якою будзе “маргіналізацыя, калі не падпарадкаванне”, калі толькі вайна не прынясе нам “нашмат больш горкіх сюрпрызаў”. “Драматычным знакам гэтай слабасці з’яўляецца няздольнасць прымаць якія-небудзь эфектыўныя дыпламатычныя рашэнні”, – падсумаваў біскуп Крачата.

Старшыня COMECE заклікаў дэлегатаў біскупскіх канферэнцый дзяржаў Еўрасаюзу прызнаць важнасць будучых парламенцкіх выбараў для існавання і будучыні Еўрапейскага саюза, а таксама падрыхтавацца да іх, каб дапамагчы сваім краінам ставіцца да іх адказна і актыўна.
 

19 красавіка 2024, 10:25