Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Бельгіі рыхтуецца чарговы наступ энтузіястаў эўтаназіі

У Бельгіі працягваецца наступ ідэалогіі смерці. Кіраўнік аднаго са страхавых фондаў прапанаваў эўтаназію для “людзей, якія стаміліся ад жыцця”. Бельгійскія біскупы назвалі гэта “жахлівай прапановай”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На мінулым тыдні ў фламандскай прэсе Люк Ван Горп распачаў дэбаты аб так званым дапаможным самагубстве для пажылых людзей. У прыватнасці, кіраўнік страхавой кампаніі спаслаўся на фінансавую нагрузку на сістэму аховы здароўя, звязаную з доглядам за пажылымі і асобамі, якія часта хварэюць. У дзвюх газетах ён прапанаваў радыкальнае вырашэнне “пытання старэння грамадства” – “у тых, хто стаміўся ад жыцця, павінна быць магчымасць рэалізаваць сваё жаданне скончыць яго”.

На думку Ван Горпа, “нельга падаўжаць жыццё тым, хто сам гэтага ўжо не хоча, паколькі гэта пытанне бюджэту і каштуе дзяржаве вялікіх грошай”, таксама ў старэючых еўрапейскіх грамадствах не хапае неабходнага персаналу для догляду.

Бельгійскія біскупы прызналі, што выклікі ў гэтай сферы значныя і фінансавыя рэсурсы не бязмежныя. Аднак, як напісалі яны ў адмысловай заяве, у сапраўды гуманным грамадстве выбар не можа рабіцца за кошт людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе.

Іерархі выступілі катэгарычна супраць уключэння эўтаназіі ў якасці варыянту вырашэння “праблемы” медыцынскай дапамогі ў канцы жыцця. “Чалавечая годнасць з’яўляецца святой, гэта фундаментальная апора кожнага чалавечага грамадства, годнага такога імя”, - падкрэслілі бельгійскія каталіцкія іерархі, называючы эўтаназію “для стомленых ад жыцця людзей” жахлівай прапановай.
 

17 красавіка 2024, 10:10