Пошук

Айцец Франчэска Патан Айцец Франчэска Патан  (AFP or licensors)

Кусташ Святой Зямлі: патрэбны лідары, адкрытыя на прымірэнне

Святой Зямлі патрэбны лідары, якія будуць працаваць на карысць прымірэння, - сказаў айцец Франчэска Патан у інтэрв’ю Vatican News, прысвечаным вайне паміж Ізраілем і Палесцінай.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы хочам, каб гэта вайна закончылася, бо ў адваротным выпадку баразна нянавісці будзе з кожным днём станавіцца ўсё глыбей і глыбей і сабраць усе часткі разам потым будзе вельмі складана”, - сказаў Кусташ Святой Зямлі, дадаючы, што разумее пакуты і памылкі абодвух бакоў канфлікту.

На думку францішканіна, “раны застануцца надоўга”, а “каб залячыць іх, патрэбны прасветленыя лідары, як з аднаго, так і з іншага боку, якія будуць здольнымі працаваць на карысць прымірэння”. Айцец Патан заўважыў, што менавіта дзякуючы такім людзям Еўропа змагла дасягнуць перыяду міру і адзінства, пасля двух сусветных войнаў з мільёнамі ахвяр, перажытых у ХХ стагоддзі.

Кусташ адзначыў, што Святы Пасад прытрымліваецца пазіцыі, якая прадугледжвае існаванне дзвюх дзяржаў – Ізраіля і Палесціны і зараз гэта ідэя падзяляецца ўсё большай колькасцю людзей. “З’явілася ўсведамленне таго, што палесцінскае пытанне павінна мець палітычнае рашэнне”, - сказаў ён, дадаючы, што ў стварэнні ўласнай дзяржавы павінны прымаць удзел у першую чаргу самі палесцінцы, а дапамагчы ім павінны ўплывовыя дзяржавы – ЗША і краіны Персідскага заліва.

Айцец Франчэска Патан заўважыў, што ад араба-ізраільскага канфлікту пакутуюць таксама хрысціяне. Яны з’яўляюцца “культурна найбольш міралюбівым кампанентам”, а значыць, тым, які ў будучыні пэўным чынам можа ўнесці свой уклад у прымірэнне. З іншага боку мясцовыя хрысціяне адчуваюць расчараванне, бо ў яўрэйскім свеце іх часта проста лічаць арабамі, а ў арабскім – іх не лічаць дастаткова арабамі, па прычыне іх веры. У многіх цяпер вярнулася жаданне эміграваць. У сувязі з гэтым Кусташ заклікаў да “канкрэтнай падтрымкі, каб мець магчымасць дапамагаць хрысціянам і мясцоваму насельніцтву перад абліччам эканамічных цяжкасцей, якія прынесла вайна”.
 

07 мая 2024, 12:29