Святы Пасад: занепакоенасць нападам на прэм'ера Славакіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Мы па-сапраўднаму занепакоены тым, што адбываецца, такое ўражанне, што меж больш няма. Гэта вядзе да росту насілля, адносіны становяцца ўсё больш і больш жорсткімі, і застаецца ўсё менш і менш надзеі на пабудову мірных адносін”, - так пракаментаваў сітуацыю кардынал П’етра Паралін у кулуарах Рымскага саміту – эканамічнага форуму, арганізаванага маладымі людзьмі з Хрысціянскага саюза прадпрымальнікаў (UCID) у Палацы Барамеа, дзе размешчана пасольства Італіі пры Святым Пасадзе.
Славацкія грэка-каталіцкія біскупы таксама выказалі шкадаванне ў сувязі з нападам на прэм'ера. “Такая несправядлівасць і напад на службовую асобу абсалютна непрымальныя з чалавечага і хрысціянскага пункту гледжання, гэта паказваюць нашу няздольнасць паважаць розныя думкі і цывілізавана весці дыялог”, - напісалі іерархі.
“Жадаю прэм'ер-міністру хутчэйшага выздараўлення, а вернікаў заклікаю маліцца за мір для нашай Радзімы і ўсіх грамадзян Славацкай Рэспублікі. Асуджаю гвалт, нянавісць і агрэсію, якія спараджаюць выключна зло і паглыбляюць палярызацыю ў грамадстве. Звяртаюся да сумлення кожнага: давайце не будзем абыякавымі, давайце заставацца міратворцамі”, - напісаў арцыбіскуп Бернард Бобер, старшыня рыма-каталіцкага епіскапату.
Роберта Фіца паспяхова прааперавалі, паведаміў BBC віцэ-прэм'ер краіны Томаш Тараба. “Наколькі мне вядома, аперацыя, на шчасце, прайшла паспяхова. У дадзены момант ён не знаходзіцца ў небяспечнай для жыцця сітуацыі”, - сказаў ён.