Пошук

Элена Бекалі Элена Бекалі  

Італьянскі каталіцкі ўніверсітэт узначаліць жанчына

Пяцідзесяцігадовая эканамістка, прафесар Элена Бекалі з 1 ліпеня 2024 года будзе рэктарам італьянскага Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца (Università Cattolica del Sacro Cuore).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Яе абралі на тэрмін да 2028 года як першую ў гісторыі ўніверсітэта жанчыну на такой пасадзе. Да гэтага часу Бекалі ўзначальвала Факультэт банкаўскай справы, фінансаў і страхавання. Яна атрымала 93 працэнта галасоў выкладчыкаў універсітэта, і яе абранне было адобрана Адміністрацыйным саветам ВНУ.

Новая рэктар сказала, што пакліканне ўніверсітэта – гэта ўніверсальнасць, тут адбываюцца дыялог і дыскусія – адкрытая, свабодная, міждысцыплінарная. Ён павінен спрыяць асэнсаванню памежных пытанняў шляхам каардынацыі шматлікіх ініцыятыў акадэмічнай супольнасці.

Заснаваны ў 1921 годзе ў Мілане, Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца ў цяперашні час мае 14 факультэтаў у Мілане, Брэшыі, П'ячэнцы-Крэмоне, Рыме і Кампабаса. Яго часткай з'яўляецца рымская клініка імя ксяндза Агасціна Джэмелі, першага, шматгадовага (1921-1959) рэктара ўніверсітэта, вядомая як папская бальніца – тут лечацца Пантыфікі. Веды ў Sacro Cuore атрымліваюць больш за 40 тысяч студэнтаў. Цікава, што ў гэтым прыватным каталіцкім універсітэце няма тэалагічнага факультэта.
 

21 чэрвеня 2024, 10:58