Пошук

Футбалісты Рэал Мадрыда святкуюць перамогу ў Лізе чэмпіёнаў Футбалісты Рэал Мадрыда святкуюць перамогу ў Лізе чэмпіёнаў  (AFP or licensors)

Футбалісты Рэала прысвяцілі Маці Божай перамогу ў Лізе чэмпіёнаў

Футбалісты мадрыдскага Рэала прысвяцілі Маці Божай сваю 15-ю перамогу ў Лізе чэмпіёнаў. У фінале турніру, які прайшоў 1 чэрвеня 2024 года ў Лондане, іспанскі клуб перамог з лікам 2:0 нямецкую Барусію з Дортмунда.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

2 чэрвеня 2024 года ўся каманда, на чале з капітанам Начэ Фернандэсам і трэнерам Карла Анчэлоці, даставіла выйграны кубак у мадрыдскую катэдру Маці Божай Альмудэнскай. Ля брамы касцёла, напоўненага вернікамі і заўзятарамі, іх прывітаў арцыбіскуп Мадрыдскі, кардынал Хасэ Коба Кана.

Іерарх падзякаваў футбалістам за перамогу, адзначаючы, што яна з’яўляецца вынікам цяжкай працы гульцоў, трэнерскага штабу і ўсяго клуба і мае важнае значэнне не толькі для аматараў спорту, а для ўсяго горада.

“Спорт – гэта сродак для выражэння ўласных талентаў, але таксама для будавання лепшага грамадства. Як сказаў Папа Францішак: спорт вучыць нас каштоўнасці братэрства, бо ў камандзе маюць значэнне не паходжанне, мова ці культура чалавека, а яго высілкі і супольная мэта”, - падкрэсліў іспанскі кардынал.

Арцыбіскуп Мадрыдскі нагадаў спартсменам, што быць чэмпіёнам, гэта прывілей, здабыты вялікімі намаганнямі, але таксама асабістая і грамадская адказнасць, асабліва перад моладдзю. Ён заўважыў, што Езус дапамагае нам адрозніваць тое, што з’яўляецца па-сапраўднаму важным у жыцці, а таксама даверыў футбалістаў апецы Панны Марыі. Кардынал Коба выказаў пажаданне, каб выйграны трафей стаў благаслаўленнем для атлетаў, іх сем’яў, балельшчыкаў і ўсіх, хто цэніць спорт, які дапамагае будаваць лепшы свет, без войнаў і гвалту.
 

04 чэрвеня 2024, 10:16