Пошук

Каркасон Каркасон  (AFP or licensors)

Біскуп Валентан: у Францыі людзі баяцца заўтрашняга дня

“Сёння Францыі не хапае перш за ўсё таго, што Касцёл называе сацыяльным сяброўствам, супольных каштоўнасцяў”, – лічыць біскуп Каркасона и Нарбоны Бруно Валентан.

Ян Глінскі

“Францыя перажывае сёння глыбокі крызіс, і не толькі палітычны. Мы ўжо не ведаем, што нас яднае. Гэта і ёсць сапраўдная крыніца крызісу”, - дадаў іерарх у інтэрв’ю для каталіцкага штотыднёвіка Famille Chréteinne (Хрысціянская сям’я).

Біскуп Валентан быў адным з нямногіх, хто падчас выбарчай кампаніі напісаў да сваіх вернікаў. Як ён прызнаўся, яго непакоіла назапашванне страхаў, а перш за ўсё страху перад другой партыяй. “Гэта была вельмі сартрыйская кампанія: пекла – гэта іншыя! Але аб’ектыўна, як тут не баяцца, калі грамадзянскай вайной пагражае сам прэзідэнт”, – адзначыў іерарх, дадаўшы, што людзі жывуць у страху перад заўтрашнім днём, яны баяцца пустога халадзільніка, за будучыню сваіх дзяцей, баяцца выходзіць ноччу, баяцца міграцыі, небяспекі, тэрарызму, стану планеты.

“Усе гэтыя клопаты рэальныя, але пытанне ў тым, што мы з імі будзем рабіць”, – заўважыў ардынарый Каркасона. Ён падкрэсліў, што хрысціяне павінны аднавіць сацыяльнае сяброўства, вярнуцца да сваёй тоеснасці і паклікання благаслаўляць, а не праклінаць. “Часам мне сорамна за насілле, на якое мы здольныя ў адносінах адзін да аднаго і да свету, - сказаў французскі біскуп. - Хрысціянін павінен устрымлівацца ад пэўных слоў, памятаючы пра сваё пакліканне благаслаўляць”.

Біскуп Валентан падкрэсліў, што ў такой сітуацыі нельга падаць духам. Іерарх нагадаў таксама пра актуальнасць закліку Папы Францішка, з якім той звярнуўся да моладзі падчас СДМ у Кракаве: ім нельга сядзець на лаўцы запасных, яны не могуць толькі назіраць гісторыю, яны павінны яе ствараць. “Пан чакае ад нас не палітычнай перамогі, а актыўнага ўдзелу”, – нагадаў біскуп, на думку якога прыкладам для французскіх католікаў сёння павінен быць святы Францішак з Асізі, які вырас у час крызісаў тагачаснага Касцёла і грамадства, а таксама святы Максімільян Кольбэ, які з’явіўся ў самыя змрочныя хвіліны Другой сусветнай вайны.

13 ліпеня 2024, 10:41