Пошук

Кардынал Паралін у кіеўскай грэка-каталіцкай катэдры. Кардынал Паралін у кіеўскай грэка-каталіцкай катэдры. 

Дзяржсакратар ва Украіне пра неабходнасць пошуку шляхоў міру

Я прыехаў, каб маліцца разам з вамі, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін, які ў гэтыя дні знаходзіцца з візітам ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Наведваючы кіеўскую сядзібу Вярхоўнага архіепіскапа Кіева-Галіцкага, Дзяржсакратар Яго Святасці нагадаў пра прароцкую місію Касцёла – “заклікаць да вялікай малітвы за мір, зыходзячы з пераканання, што з Богам усё магчыма, і што, нават калі нашы надзеі заўсёды канчатковыя і абмежаваныя, мы ведаем, што Бог большы за нас саміх, за нашы сэрцы і нашы магчымасці”.

Іерарх прызнаўся, што прыбыў з пасланнем блізкасці ад Францішка. “Папа выказваў гэта розным чынам у апошнія гады. Вось і сёння, у нядзелю, ён зноў згадаў вайну ва Украіне, ужыўшы прыметнік “шматпакутная". (...) Такім чынам, Папа з самага пачатку прадэманстраваў вялікую блізкасць, вялікі ўдзел у болю і пакутах гэтага народа”, - сказаў Паралін.

Ён звярнуў увагу на інтэнцыю Пантыфіка, “дапамагчы адкрыць шляхі міру, шляхі, скажам так, рашэння гэтай вайны”. “Хочацца спадзявацца, што і мая прысутнасць зможа ўнесці нейкі невялікі ўклад у гэты працэс, у тым ліку дзякуючы сустрэчы з грамадзянскімі ўладамі”, - заявіў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада.

У бліжэйшыя два дні чакаецца яго сустрэча з палітычным кіраўніцтвам Украіны, у тым ліку з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.
 

22 ліпеня 2024, 09:47